Развітанне з пісьменнікам Леанідам Дайнекам адбудзецца 25 жніўня



Развітанне з беларускім паэтам і празаікам, членам рады Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) Леанідам Дайнекам пройдзе ад 11-й да 12-й гадзіны 25 жніўня ў рытуальнай зале № 1 сталічнага спецкамбіната камунальна-бытавога абслугоўвання на вуліцы Альшэўскага, 12, паведамляе прэс-служба СБП.

Літаратар памёр 21 жніўня ў Мінску. Яму было 79 гадоў.

Леанід Дайнека нарадзіўся 28 студзеня 1940 года ў вёсцы Дзмітраўка 2-я (Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці).

У 1967 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, Беларускім тэлебачанні. У 1972—1989 гадах займаў пасаду адказнага сакратара ў часопісе „Маладосць”, з 1989 года — загадчык рэдакцыі паэзіі выдавецтва „Мастацкая літаратура”. З 1970 года член Саюза пісьменнікаў БССР, правапераемнікам якога з`яўляецца СБП.

Першы вершаваны твор апублікаваў у 1961 годзе. Аўтар паэтычных зборнікаў „Галасы” (1969), „Бераг чакання” (1972), „Начныя тэлеграмы” (1974), „Мая вясна саракавая” (1979), „Вечнае імгненне” (1985), зборніка апавяданняў „Бацькава крыніца” (1976), раманаў „Людзі і маланкі” (1978), „Запомнім сябе маладымі” (1981), „Футбол на замініраваным полі” (1983), „Меч князя Вячкі” (1987), „След ваўкалака” (1988), „Жалезныя жалуды” (1990) і іншых.

Гістарычны раман „Меч князя Вячкі” ў 1988 годзе прынёс Дайнеку званне лаўрэата літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя Івана Мележа. За гэты ж твор разам з раманам „След ваўкалака” літаратар быў ушанаваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Кастуся Каліноўскага ў 1990 годзе.

З 1993 года Дайнека займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, у прыватнасці заснаваў фірмы „Пасад” і „БелПі”. Апошняя раней займалася выпускам розных відаў алкагольнай прадукцыі пад маркай „Крамбамбуля”.

belapan.by