Re1ikt прадставіць новы матэрыял на вялікім бясплатным канцэрце



Гурт Re1ikt выступіць з вялікай сольнай праграмай у Карэтным дворыку ў Дзень горада Менска 8 верасня. Музыкі рыхтуюцца прэзентаваць новыя песні. Таксама плануюць адыграць вялікую праграму з старых і вельмі старых хітоў. Чакаюцца і сюрпрызы, у тым ліку з удзелам НФК «Крумкачы».

«Зараз пачынаецца самы цікавы перыяд жыцця гурта – запіс новых твораў, таму мы будзем вельмі рэдка даваць канцэрты пэўны час. Наш вялікі сольны выступ – добрая нагода пачуць нашыя лепшыя песні за доўгі перыяд і самае галоўнае – ўпершыню пачуць новую песню, якую мы яшчэ ніколі не выконвалі дагэтуль. І вы зможаце трошкі ўявіць, якім будзе новы дыск», – распавядае лідар і бубнач Re1ikt Аляксандр Дземідзенка.

Выступ адбудзецца ў рамках праекта “Пешаходка”.

Адрас пляцоўкі «Карэтны дворык»: вул. Кірыла і Мефодзія, 8.

Пачатак канцэрта: 20:30.

Гурт Re1ikt спалучае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, робячы яго актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. Калектыў выкарыстоўвае рэдкія духавыя і перкусійныя інструменты, а таксама незвычайныя гітарныя эфекты. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас.

Re1ikt атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя