Re1ikt прэзентаваў кампазіцыі з новага альбома



Менскі гурт Re1ikt выканаў песні з новага альбома, над якім цяпер працуюць музыкі, у эфіры праграмы Belsat Music Live.

Госці студыі пачулі кампазіцыі «Ужо вясна», «Татачка» і «Не задавай сэрцу тугі», а таксама хіты з папярэдніх дыскаў каманды: «Лекавыя травы» з аднайменнага, найлепшага рок-альбома 2016 года (прэмія Experty.by) ды альбома года (прэмія Rock Profi), і інш.

„Хочацца пераканаць усіх у тым, што ў Беларусі можна зрабіць альбом сусветнага ўзроўню. Без замежных спецыялістаў, уласнаруч. На сёння маем для гэтага ўсё: веды, абсталяванне, патрэбных прафесіяналаў. Гэта добра атрымалася ў IT-сферы – час нам паказаць, як гэта можна зрабіць у музыцы”, – кажа лідар Re1ikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Шосты студыйнік Re1ikt выйдзе цягам года, а да таго часу музыкі абяцаюць яшчэ некалькі сюрпрызаў.

Re1ikt – гурт, які грае сучасную актуальную музыку ў стылі world rock, абапіраючыся на найлепшыя традыцыі. Каманда крэатыўна выкарыстоўвае незвычайныя гітарныя эфекты і стварае арыгінальную канцэпцыю гучання – сапраўдны “беларускі космас”. Адметная музыка Re1ikt неаднаразова адзначана ўзнагародамі ў Польшы і Беларусі, калектыў выступаў ва Украіне, Літве, Расеі.