„Re1ikt” запісаў для “Крумкачоў” гімн
Аўтары найлепшага рок-альбома 2015 года гурт „Re1ikt” напісалі беларускамоўны гімн для футбольнага клуба „Крумкачы”.
Беларускі гурт „Re1ikt” – уладальнік шматлікіх музычных узнагарод і прэмій – выклаў у сетку сінгл „Разам”, які стаў гімнам футбольнай каманды „Крумкачы”, якая ў гэтым годзе дэбютавала ў вышэйшай лізе Беларусі.
„Трэк атрымаўся менавіта такім, якім мы сабе яго ўяўлялі: дынамічным, энергічным і натхняльным на перамогі. Гэта стоадсоткавы футбольны гімн, які адказвае сусветным стандартам, і пры гэтым у ім захавана нацыянальная беларуская ідэнтычнасць”, – кажа старшыня праўлення футбольнага клуба „Крумкачы” Дзяніс Шунта.
Запіс і звядзенне кампазіцыі зрабіў на менскай студыі Everest Media вядомы беларускі гукарэжысёр Павел Сініла. Супрадзюсерам з боку „Крумкачоў” стаў Віктар Радзькоў. Праслухаць трэк можна па спасылцы на афіцыйнай старонцы гурта „Re1ikt” на рэсурсе Soundcloud тут.
[soundcloud url=”https://api.soundcloud.com/tracks/258327815″ params=”auto_play=false&hide_related=false&show_comments=true&show_user=true&show_reposts=false&visual=true” width=”100%” height=”450″ iframe=”true” /]
„Мы вельмі радыя, што менавіта „Re1ikt” запісалі для „Крумкачоў” гімн. „Re1ikt” карэлюе з намі па духу і стылістыцы. Гэта сапраўдны беларускі гурт, які стварае музыку, цікавую далёка за межамі Беларусі.Шматлікія ўзнагароды, якіх яны былі ўганараваныя, а таксама хвалебныя водгукі экспертаў і крытыкаў не пакінулі і цені сумневу ў тым, што „Крумкачы” зрабілі правільны выбар”, – дадае Дзяніс Шунта.
Музыкі таксама засталіся задаволеныя супрацоўніцтвам са спартоўцамі.
„Мы хацелі стварыць песню, якая б кардынальна адрознівалася ад песень з альбома „Лекавыя травы”, і пры гэтым адпавядала нейкім негалосным „стандартам” спартыўных гімнаў. Атрымалася забіяцкая кампазіцыя на стыку музычных кірункаў – ад яе вее і нейкай „пабнай ірландшчынай”, у ёй ёсць энергетыка панк-рока і разам з тым сапраўды беларускі дух”, – распавядае лідар гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка.
„Нас натхніла галівудская гісторыя „Крумкачоў”, бо мы, простыя хлопцы з правінцыйнага гарадка, таксама калісьці пачыналі займацца музыкай з вялікім жаданнем дамагчыся высокіх вынікаў. Таму ведаем, што любоў да сваёй справы і падтрымка неабыякавых людзей, якія вераць у твой поспех, здольныя тварыць сапраўдныя цуды. Спадзяемся, што заўзятарам гімн прыйдзецца па душы”, – рэзюмуе музыкант.
Упершыню гімн прагучыць 23 красавіка перад хатнім матчам са „Славіяй-Мазыр”.
Паводоле krumka.by