Re1ikt змяніў назву і выпусціў новы альбом



Беларускі гурт Re1ikt абвясціў пра тое, што альбом калектыву «Дрэва жыцця» выходзіць пад новай шыльдай.

Стылізаваная адзінка ў назве каманды саступіла месца лацінскай «L». Гэта зроблена для таго, каб пазбегнуць блытаніны. Цяпер у гурта і новы лагатып, створаны на аснове шрыфта, якім быў напісаны Статут Вялікага княства Літоўскага – першая еўрапейская канстытуцыя.

Шосты студыйны альбом Relikt стане падарункам для меламанаў: дыск запісваўся і зводзіўся на той самай легендарнай кансолі SSL 4000 з лос-анджалескай студыі кампаніі Yamaha, з якой працавалі Motorhead, Стыві Уандэр, Чэт Аткінс ды іншыя зоркі.

Апроч візітнай карткі Relikt – незвычайных гітарных эфектаў і шматстайнай перкусіі – у новых кампазіцыях калектыву можна пачуць мноства рэдкіх, незвычайных для рок-музыкі, этнічных інструментаў: глюкафон ручной працы з нестандартным строем, беларускія дудкі, ксілафон, баян.

Акрамя таго, альбом атрымаўся інтэрнацыянальным. У запісе ўдзельнічалі баяніст-віртуоз Аляксандр Ясінскі (Прага), вакалістка гурта Ilo & Friends Ілона Карпюк (Беласток), а таксама культавая фігура беларуска-польскага андэграўнду Юрка Асеннік, які не толькі выканаў адну з песень, але і стварыў вокладку дыска.

Канцэптуальна назва альбома адсылае да вядомага ў многіх народаў міфалагічнага архетыпу сусветнага дрэва – сакральнага цэнтра Сусвету.

«Плыта «Дрэва жыцця» звязана з фундаментальнымі паняццямі чалавечага быцця: жыццё і смерць, дабро і зло, канец і пачатак, а таксама з’яўляецца ключавым сімвалам беларускай міфалогіі і культуры», – кажа лідар Relikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Нам хочацца, каб песні, якія спявалі нашыя продкі, бабулі і дзядулі, не зніклі, а працягвалі гучаць на фестывалях, у клубах і айпадах, каб дрэва нашага роду і народа не засыхала, але давала новыя парасткі».

У альбом увайшлі дзесяць унікальных старажытных беларускіх народных песень, сабраных у розных кутках нашай краіны. Навуковымі кансультантамі рэлізу выступілі гісторык, даследчыца традыцыйнай культуры Алена Ляшкевіч і этнограф, спецыялістка ў этнічным спеўным выкананні Ірына Мазюк.

Паводле прэс-рэлізу