Re1ikt зняў кліп на ўлюбёную песню Барадуліна
Менскі гурт Re1ikt зняў музычнае відэа да кампазіцыі „Drobnieńki doždžyk”, створанай паводле матываў народнай песні, якую любіў спяваць беларускі паэт Рыгор Барадулін.
Дата выхаду кліпа невыпадковая — 24 лютага Барадуліну споўнілася б 82 гады.
Для таго, каб распавесці гісторыю кахання, прыдуманую на пачатку ХХ стагоддзя, музыкі вырашылі ўзнавіць атмасферу таго часу. Разыграць трагедыю кахання былі запрошаныя прафесійны актор і дырэктар сярэднявечнага тэатра «Дыгрыза», трэнер у публічных выступах кампаніі Epam Аляксей Бурносенка, а таксама паэтка, мадэль і спявачка Кацярына Ваданосава.
Кампазіцыя «Drobnieńki doždžyk» увайшла таксама і ў CD-праект «Песні матчыны з Вушаччыны». Пачуць яе жыўцом можна будзе на прэзентацыі зборніка барадулінскіх песень 26 лютага ў Палацы ветэранаў, а таксама ў клубе «Графіці» 11 сакавіка на сольным канцэрце Re1ikt, дзе музыкі прэзентуюць акустычныя інтэрпрэтацыі кампазіцый з новага дыска.