Рэдкія ілюстраваныя выданні паэмы Дантэ «Боская камедыя» прадставілі ў НББ
Выстава «Боская камедыя» Дантэ», прысвечаная 700-годдзю сусветнага паэтычнага шэдэўра італьянскага паэта Дантэ Аліг’еры, адкрылася 4 лістапада ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Асаблівую ўвагу ў экспазіцыі ўдзялілі рарытэтным ілюстраваным выданням паэмы «Боская камедыя» з фондаў НББ. Сярод экспанатаў можна ўбачыць каштоўнае факсімільнае выданне, якое адносіцца да 1330 года. Гэта кніга дакладна ўзнаўляе першы рукапісны спіс паэмы, упрыгожаны каляровымі мініяцюрамі. На выставе таксама прадставілі адно з першых ілюстраваных друкаваных выданняў твора 1481 года, якое было выпушчана ў родным горадзе паэта — Фларэнцыі. Дарэчы, гравюры ў кнізе былі выкананы па работах вядомага італьянскага мастака эпохі Адраджэння Сандра Батычэлі.
«У арыгінале кніга называецца „La commedia“, а цяпер яна нам больш вядома як „Боская камедыя“. Гэта манументальная эпічная работа. Сапраўдная паэтычная энцыклапедыя навуковых, палітычных, маральна-філасофскіх і багаслоўскіх ведаў эпохі Ранняга Адраджэння. Менавіта гэты твор Дантэ стаў вяршыняй яго літаратурнай дзейнасці. Сама паэма складаецца з трох частак і ўключае 100 песень», — расказалі ва ўстанове.
У бібліятэцы таксама прадставілі шэдэўр кніжнай графікі ХІХ стагоддзя — цыкл гравюр французскага майстра Гюстава Дарэ да першай часткі паэмы, а таксама іншыя прыклады мастацкага асэнсавання неўміручага твора.
Выстава будзе працаваць па 16 студзеня.