Рэпартаж набірае папулярнасць у сучаснай літаратуры



Пра жанр рэпартажу ў сучаснай літаратуры, пра важнасць Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, пра літаратурны фестываль «Zebrane», што праходзіць у Беластоку разважае госць нашай студыі Марэк Каханоўскі, з аддзялення паланістыкі беластоцкага ўніверсітэта.

РР: Учора стала вядома што нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымала беларуска Святлана Алексіевіч. Як вы ацэньваеце гэтую ўзнагароду?

 — Гэта вельмі цікавы выбар. Учора я праглядзеў усе найбольш уплывовыя і важныя англамоўныя газеты, каб убачыць іхнае меркаванне і ўсё яны згодна пішуць, што гэта слушны выбар. Ніякіх сумневаў. Яшчэ некалькі гадоў, калі Нобелеўскую прэмію атрымлівалі Дэрэк Уолкат, Дарыя Фо ці Патрык Мадыяно, дык былі галасы: Што гэта? Як іх чытаць? Мы іх не ведаем! А тут, усе згодна сказалі:«Слушна». Я думаю, прычына гэтаму творчасць Алексіевіч — рэпартаж — цяпер з кожным годам становіцца больш модным і папулярным. Але таксама гэтае яе перапляценне: народжаная ва Украіне, жыве ў Беларусі і піша па-расейску. Гэта тое перапляценне, якое цяпер ёсць у Еўропе.

РР: А апісвае яна савецкі і постсавецкі свет.

 — Так, яна апісвае свет пасля развалу Саюза, але і людзей якія дагэтуль жывуць гэтым светам. Бо, ў той жа „Чарнобыльскай малітве”, яна апісвае ментальнасць, якая была тады, але сучаснай мовай. Людзі, апісаныя там, прызвычаеныя да пэўных паводзінаў, а мы — ужо не. Мне ў ёй вельмі падабаецца тое, што яна ўмее слухаць людзей. Гэта вельмі важна, што яна сыходзіць на другі план і аддае голас людзям. Мы жывем у часы гэткага заглушэння: кажам дурноты і не чуем адзін аднаго А яна, вучыць нас слухаць іншых.

 РР: Святлана Алексіевіч умее слухаць людзей, але ў ейных кнігах шмат болю і горычы. Як яна сама сказала: «Савецкага чалавека вучылі, як паміраць, але не вучылі, як жыць».

 — Падобна было ў Капусцінскага, які ўмеў апісаць скоранага чалавека і таксама цікавіўся Расеяй…

 РР: Дарэчы, Капусцінскі таксама нарадзіўся ў Беларусі, у Пінску. Добрае, відаць, месца для пісьменнікаў-рэпартажыстаў.

 — Я чытаю сучасныя рэпартажы і скажу так: добра, што Алексіевіч, бо жанр рэпартажу вельмі няроўны. Трэба нейкі ўзор, які навучыць новае пакаленне гэтаму жанру. Заўсёды калі пачынаецца мода на штосьці патрэбны нейкі лідар, у якасці прыкладу.

 РР: Мне здаецца, што ў Польшчы рэпартаж апошнім часам перажывае ўздым і прыкладам таму ваш фестываль, дзе прадстаўлена шмат аўтараў, якія пішуць у жанры рэпартажу. У першы ж вечар была прадстаўлена кніга пра Сымону Косак, потым кніга «Беласток — белая сіла, чорная памяць».

 — Рэпартаж — вельмі шырокі жанр. Бываюць біяграфіі, якія ўкладаюцца ў рэпартаж. І кніга пра Сымону менавіта такая. А калі казаць пра Концкага, я лічу, добра, што такая форма была абраная, каб паказаць Беласток, бо, калі б Концкі выбраў не рэпартаж-раследаванне, а рэпартаж-аповед, дык кожны сказаў бы: «Гэта проста твае ўражанні, ты ня ведаеш гэты горад». Сустрэча з ім прайшла вельмі лагодна, я думаю, нават, сам аўтар спадзяваўся большай «крыві».   

 РР: Нават я, пакуль не прачытаў гэтую кнігу, спадзяваўся, што яна будзе пра сённяшнюю «вайну» ў Беластоку. Кніга пра праявы расізму, нацыяналізму і ксенафобіі ў Беластоку, але гэта толькі паверхня гэтага твору, насамрэч, кніга пра памяць і  спробы замазвання гэтай памяці.

 — Сапраўды, сама вокладка кнігі — падманлівая. Я нават казаў пра гэта выдавецтву, і яны мне адказалі, што гэта маркетынгавы ход. Сутнасць кнігі Концкага, выдатнай для жыхароў Беластока кнігі, — гэта тая памяць, пра якую вы кажаце. Нельга пабудаваць маналіт у месцы, дзе сутыкаюцца розныя культуры і патрабаваць, каб гэтыя розныя культуры прыхавалі пад дыван. Гэтага нельга рабіць, бо яно спрацуе так, што канфлікты пачнуць узмацняцца. Мы павінны абгаварыць пэўныя рэчы. Мяне цешыць адна рэч з той сустрэчы, калі ён казаў ніхто не запярэчыў: маўляў, гэта не так: мы добры шматкультурны горад.

 РР: Шматкультурнасць у Беластоку, часта, проста фасад, за якім няма нічога. І мне ягоны аналіз паказаўся вельмі трапным, бо я адчуваю падобна.

 — Фасадная шматкультурнасць апісаную ў гэтай кнізе, я б назваў «непрыручанай шматкультурнасцю». Мы можам казаць пра фасаднасць, але, шчыра кажучы, мы складаемся з розных аповедаў. Вы і я. Калі я заглядаю ў сваю сям’ю, дык там шмат нацыянальнасцяў, мноства канфліктаў. Няма чаго хаваць: мы шматкультурныя, але гэта толькі на плакатах і фасадах, мы не асвоілі і не абгаварылі гэту тэму. Концкі таксама пра гэта кажа. Вяртаючыся да тэмы рэпартажу, дык ёсць выдатная кніга Пятра Нестэровіча, і шмат было сустрэчаў пра «Цудоўную», але гляньце, мы ўсе ведалі гэтую гісторыю з аповедаў і газетаў, але пакуль не прыехаў чалавек звонку, паглядзець на гэта збоку, паказаць нам і толькі тады мы адкрылі гэта для сябе.

 РР: Беласток Концкага мы таксама ведаем, бо там адны факты, ніякіх новых адкрыццяў. Толькі ён сабраў усё гэта, як пацеры на шнурок ды напісаў кнігу.

 — Ёсць яшчэ кніга Ястшэмбскага, Маравецкага «Заўтра грымне гром» (Jutro spadną gromy), паводле некаторых глыбейшая за кнігу Концкага. Але, магчыма, так кажуць таму, што для людзей звонку, якія нічога не ведаюць пра супольную польска-беларускую гісторыю, кніга нешта там тлумачыць. Гэта чарговы прыклад, калі прыязджаюць людзі звонку і цікавяцца аповедамі нашых людзей ды хочуць пра гэта пісаць. Нестэровіч, Ястшэбскі, Конскі… можа нарэшце і мы самі пачнём апісваць нашы гісторыі.

РР: Пра нашу шматкультурнасць піша таксама тутэйшы пісьменнік, які не з’яджаў адсюль: Міхась Андрасюк. Сёння будзе сустрэча з ім. Гэта ўжо мастацкая літаратура, а не рэпартаж. Ягоная кніга вельмі паэтычная, крыху міфалагічная, але, таксама, поўная трапных заўвагаў пра нашае правінцыйнае жыццё-быццё тут.

 — Так, Міхал Андрасюк прадставіць сваю найноўшую кнігу «Крыжыкі» і ўсіх сардэчна запрашаю на прэзентацыю. Хоць, новай ягонай кнігі я не чытаў, але выдатна ведаю ранейшыя творы. Яны вельмі цікавыя. Ён лакальны і адначасова ўніверсальны і выходзіць з нашай лакальнасці. Я неаднойчы арганізоўваў сустрэчы моладзі з ім і скажу, што ён вельмі цікавы чалавек, вельмі ўраўнаважаны, далікатны, але мудры, які пераказвае не толькі тутэйшасць, але і такую жыццёвасць, якая хаваецца ў ягоных кнігах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя