Рэпрэсаваны класік беларускай археаграфіі
1 лістапада спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння беларускага гісторыка, архівіста, археографа, крыніцазнаўца, дырэктара бібліятэкі АН БССР Дзмітрыя Даўгялы (1868-1942).
Дзмітрый Даўгяла скончыў Віцебскую семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Выкладаў у Віцебску ў семінарыі і мужчынскай гімназіі. З 1897 года – архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. У 1903 годзе пераехаў у Вільню, дзе працаваў у аб’яднаным Архіве старажытных актаў, выкладаў у навучальных установах. У 1906 годзе рэдагаваў газету «Белая Русь».
У 1906—1915 гадах Дзмітрый Даўгяла быў сябрам Віленскай археаграфічнай камісіі (з 1913 года яе старшыня), кіраўніком спраў канцылярыі папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, кіраўніком спраў Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. Рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества» (1910—1914), апублікаваў у іх шэраг прац па гісторыі Беларусі. Ганаровы сябра Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.
Пасля эвакуацыі з Вільні ў 1915 годзе працаваў у Магілёўскім архіве. Удзельнічаў у Першым Усебеларускім кангрэсе ў 1917 годзе. З 1921 года – загадчык Магілёўскага губернскага архіва. З 1925 – супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 года – дырэктар бібліятэкі БелАН, у 1937 года – навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР.
Дзмітрыя Даўгялу арыштавалі 10 снежня 1937 года. Пастановай пазасудовых органаў ад 11 верасня 1939 года ён быў высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Памёр у ссылцы ў красавіку 1942 года. Рэабілітаваны пасмяротна 9 чэрвеня 1964 года.
Найбольшую вядомасць Дзмітрыю Даўгялу прынесла яго археаграфічная праца — падрыхтоўка і выданне зборнікаў дакументаў: «Историко-юридические материалы…» (т. 27-32, Віцебск, 1899—1906), «Акты, издаваемые Виленской комиссией…» (т. 32-37, Вільня, 1907—1912), «Беларускі архіў» (т. 1-3, Мн., 1927—1930), «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму» (т. 1-2, Мн., 1934—1935), «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, Мн., 1936). Аўтар прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі: Барысава, Веткі, Менска, Лепеля, Оршы. Даследаваў гісторыю Полацкага, Барысаўскага, Свіслацкага і Аршанскага замкаў. Вывучаў гісторыю нацыянальных меншасцей на Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя