Рэстарацыя замест музея?
Гомельскі філіял Веткаўскага музея можа спыніць існаванне. Пра гэта паведаміў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік падчас гарачай лініі. На дадзены момант філіял размяшчаецца ў гістарычным будынку ў цэнтры горада. У планах чыноўнікаў перавезці музей у горад Ветку, што ў 25 км ад Гомеля. Пераезд хочуць прымеркаваць да прыезду ў красавіку кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі на Гомельшчыну. Загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка гаворыць, што музей стаў культурным цэнтрам у Гомелі.
Пятро Цалка:
– Кожны тыдзень тут праводзяцца майстар-класы і па танцах, і па спевах, і па ткацтве. У філіяле праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку і абрадавыя. Ужо прайшлі два рэгіянальныя фестывалі. Гэта тая супольнасць, якая збліжае людзей да традыцыйнай культуры, бо тут мерапрыемствы праводзяцца “не для птушачкі”. Паглядзіце, цяпер дождж, а людзі ўсё роўна сабраліся на гуканне вясны. І мы гукаем не ў памяшканні, а як нашыя продкі, на вуліцы.
Пятро Цалка паведаміў, што музей штогод наведвае 10 тысячаў чалавек.
– Для такой малой плошчы, як нашая, і для пяці чалавек персаналу, які працуе ў нас, хіба гэта не паказнік?
Наведнікі філіяла Веткаўскага музея інфармацыю аб закрыцці музея ўспрынялі негатыўна. Бо гомельскі філіял з’яўляецца не толькі цэнтрам захавання традыцыяй, але і стаў для гомельцам фарпостам беларушчыны.
Алена Ведзь:
– Людзі згубяць свае карані, паколькі ў Ветку не наездзішся. Тут быў асяродак нацыянальнай культуры. І ён быў блізка: у горадзе.
Маладзён:
– Гэта ненармальная сітуацыя, што могуць закрыць філіял. Таму што такой асветніцкай работы, якую праводзіць філіял Веткаўскага музея, не праводзіць ніводны музей.
Зміцер Кірэенка:
– Філіял на сённяшні дзень мае як мінімум адну імпрэзу ў месяц. Гэта месца, куды цікава хадзіць цягам цэлага года. Ты прыходзіш тут і ўвесь час нешта новае.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на месцы філіяла Веткаўскага музея можа з’явіцца рэстарацыя.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель