Рэстаўрацыя беларускіх замкаў: боль і галеча
СМІ абляцела навіна пра тое, што турысты змогуць наведаць Косаўскі палац ўжо ў наступным годзе. Насамрэч, сітуацыя сумная, паведамляе news.tut.by.
Пра аднаўленне замкаў прадстаўнікі мясцовых райвыканкамаў кажуць у літаральным сэнсе з болем у голасе – планаў шмат, але фінансавання няма, а калі нешта і вылучаецца, то пераважна з мясцовых бюджэтаў. Аб рабоце, праведзенай у гэтым годзе, гаварыць практычна няма чаго. «Хоць бы дахам накрыць, каб праведзеная праца не прапала». «Шкада працы людзей». «Пішуць, што мы нічога не аднаўляем, але мы б рабілі, калі б было фінансаванне». Такія фразы часта даводзіцца чуць у аддзелах культуры.
Палац у Косава
Мяркуецца, што экскурсіі па тэрыторыі Косаўскага замка будуць аб’яднаныя з наведваннем музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі, які знаходзіцца цераз дарогу. Турысты змогуць разгледзець як рэканструюецца замак звонку і зазірнуць унутр.
Аднак, калі праект будзе рэалізаваны, невядома. Асноўная праблема рэстаўрацыі – у фінансаванні. Сродкаў, выдзеленых у гэтым годзе, хапіла толькі на тое, каб не спыніць праект. Вобласць вылучыла каля 2 млрд недамінаваных рублёў, рэспубліка – нічога. З мінулага года знешні выгляд палаца істотна не змяніўся. Як і ў мінулым годзе, пафарбаваны фасад толькі цэнтральнай часткі і левага крыла. У гэтым годзе ў будынку ставілі вокны.
Ружанскі палац
Палацавы комплекс Сапегаў у Ружанах (Пружанскі раён, Берасцейская вобласць) цалкам адновяць таксама няхутка. Калі – мясцовыя не вырашаюцца нават выказаць здагадку.
Цяпер у замку адрэстаўраваны цэнтральныя ўязныя вароты і два бакавых флігелі. У 2011 годзе там адкрыўся музей з чатырма экспазіцыйнымі заламі і адным для выстаў. Яны даступныя турыстам.
Зараз у палацы вядуцца работы па аднаўленні Усходняга (Тэатральнага) корпуса, але фінансавання на гэтую працу не хапае. У гэтым годзе на рэстаўрацыю было выдзелена каля 300 тысяч долараў у эквіваленце. «Там планавалася стварэнне тэатра 18-га стагоддзя – такія ёсць толькі ў Гётэборгу ў Швецыі і Крумлава ў Чэхіі.
Цяпер выканана 80% работ, неабходных для вываду будынка з аварыйнага стану. Даха ў корпуса пакуль няма.
Быхаўскі замак
Фінансаванне аднаўлення замка Хадкевічаў і Сапегаў у Быхаве (Магілёўская вобласць) спынена зусім. Часткова аднавіць замак спрабавалі да Дня пісьменства ў 2013 годзе, для гэтага нават збіралі сродкі з насельніцтва, але далей работа заглухла.
Любчанскі замак
Замак Кішак і Радзівілаў у Любчы (Наваградскі раён, Гарадзенская вобласць) ужо чатырнаццаты год аднаўляюць валанцёры, курыруе працы дабрачынны фонд «Любчанскі замак».
Зараз вонкава адноўлены фасады двух вежаў і паўночная сцяна. У гэтым годзе на тэрыторыі замка завершаны археалагічныя раскопкі, нарыхтавана каля 120 тон старой цэглы, якую можна выкарыстоўваць для аднаўлення трэцяй вежы, распавёў дырэктар фонду Іван Пячынскі.
Калі працы могуць быць завершаны, ён нават не наважваецца выказаць здагадку, але адзначае, што ў Любчы яны вядуцца больш актыўна, чым у іншых беларускіх замках.
Увесь гэты час дзяржава не прымала фінансавага ўдзелу ў аднаўленні замка. Дабрачынны фонд, па словах Пячынскага, папаўняецца за кошт яго асабістых сродкаў і сродкаў «Прыёрбанка».
Фота БелаПАН, zarya.by, planetabelarus.by