Роберт Тышкевіч: “Басовішча” – выдатная культурніцкая падзея



Некалькі тысяч чалавек з Польшчы, Беларусі ды Украіны наведалі фестываль “Басовішча-2015”. Перад сцэнай і ў намётавым мястэчку луналі нацыянальныя сцягі, найбольш было беларускіх бел-чырвона-белых.

scjag9

Сярод гасцей фестывалю ўжо не першы раз дэпутат польскага Сейму Роберт Тышкевіч:

– Гэта добрая нагода, каб успомніць, як з’явіўся гэты праект, як паўстала ідэя, каб фестываль маладой Беларусі адбываўся тут, на Беласточчыне, каб беларуская нацыянальная меншасць стварала мост паміж суседзямі – Польшчай і Беларуссю. І ён мае шчаслівы працяг. Бо гэта вельмі важнае мерапрыемства, якое варта рабіць надалей. Стараемся заўсёды ўдзельнічаць у ім, бо гэта вялікая энергетыка і выдатная культурніцкая падзея.

Як кажа Роберт Тышкевіч, фестываль “Басовішча” – гэта сапраўдная ідэя пабудовы маста паміж Беларуссю і Польшчай, і значную ролю тут адыгрывае беларуская нацыянальная меншасць. “Стварэнне кантактаў паміж суседзямі – гэта адна з галоўных ідэяў фестывалю”, – дадаў палітык.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя