Робіцца праект страчанай пабудовы Гародні



Гісторык Мечыслаў Супрон разам з праекціроўшчыкам Сяргеем Шчукіным сабралі цягам трох тыдняў на пляцоўцы Улей 500 рублёў на стварэнне эскізнай мадэлі для навукова абгрунтаванай адбудовы квартала зніклай вуліцы Кляштарнай і ўсходняга боку вуліцы Замкавай ў Гародні.

Гісторык упэўнены, што гэты квартал вельмі важны для горада:

Інвестары гатовы пайсці на такі крок, як адбудова страчаных будынкаў. Нас на гэта падштурхнула менавіта тое, што інвестар у асобе грамадзяніна Літвы выказаў жаданне адбудаваць тры камяніцы на вуліцы Замкавай XVIII стагоддзя.

РР: А чым так знакаміты гэты раён, макет якога вы будзеце рабіць?

– Ён знакаміты тым, што на гэтым месцы фактычна да сярэдзіны ХХ стагоддзя, ужо пасля вайны, стаялі тры камяніцы, якія былі ў нязмененым выглядзе, захаваліся з сярэдзіны як мінімум XVIII стагоддзя.

Мечыслаў Супрон упэўнены, што для горада таксама важныя і іншыя знакавыя будынкі:

Хіба што рынак, цяперашняя Савецкая плошча. Але гэта справа вельмі далёкай перспектывы і не пры гэтай уладзе, магчыма, і не пры гэтым пакаленні будзе ажыццёўлены гэты праект. Несумненна тое, што такія аб’екты, як ратуша, Фара Вітаўта і палац Радзівілаў проста неабходна адбудаваць, бо гэта сімвалы нашага горада.

Мечыслаў Супрон запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да грашовай дапамогі на пляцоўцы Улей, куды можна пакласці грошы цягам бліжэйшых 29 дзён. Пра крокі выканання праекта гісторык абяцае паведамляць у сацыяльных сетках і на сваім блогу.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота ulej.by