Роднай хаце Анатоля Сыса — статус гісторыка-культурнай каштоўнасці



У мястэчку Гарошкаў Рэчыцкага раёна прайшло свята паэзіі памяці Анатоля Сыса. На нефармальным мерапрыемстве сабралася некалькі дзясяткаў аматараў творчасці паэта з Гомеля, Рэчыцы, Светлагорска і Менска.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч падкрэслівае выключную ролю Анатоля Сыса ў нацыянальным руху і літаратуры канца ХХ стагоддзя.

— Ужо 12 гадоў як няма Анатоля, але гэтае свята жыве. Штогод тут збіраюцца прыхільнікі творчасці паэта. Але вельмі прыкра, што мясцовыя ўлады ніяк не могуць зразумець, што трэба ганарыцца сваім земляком. Магчыма, такіх сыноў, як Анатоль Сыс, Рэчыцкая зямля ніколі не мела.

Літаратуразнаўца Іван Штэйнер мяркуе, што прыспеў час для публікацыі ўспамінаў і легендаў пра Анатоля Сыса.

— Магчыма, трэба нам падумаць і паступова збіраць усе ўспаміны ды выдаваць іх, каб паказваць, узняць постаць Анатоля Сыса да высокага ўзроўню. Каб усё менш яго павязваць з гэтым рэальным светам, дадаць ягонае імя ў кантэкст сусветнай літаратуры.

Родная хата паэта Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў павінна мець статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч абяцае мэтадычную дапамогу ўсім зацікаўленым у захаванні памяці пра паэта.

Антон Астаповіч:

— Усё ж такі асоба Анатоля Сыса вельмі знакавая для сучаснай беларускай літаратуры. І гэта асоба вартая музея. Адпаведна, перспектыва мусіць быць наступная: на ягонай радзіме мусіць з’явіцца дом-музей у гонар вялікага паэта.

Свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў праходзіць у 12-ы раз. Удзельнікі мерапрыемства спачатку ўсклалі кветкі да помніка паэту на могілках, а потым ля хаты паэта дзяліліся ўспамінамі пра жыццё Анатоля Сыса, дэкламавалі яго вершы і спявалі песні. Сёлета ў традыцыйным фэсце паэзіі ў гонар Анатоля Сыса ўдзельнічалі барды Алесь Камоцкі і Зміцер Захарэвіч, пісьменнікі Алесь Пашкевіч, Анатоль Бароўскі, Уладзімір Сіўчыкаў, паэт Сяргей Сыс.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гарошкаў

Фота: Юлія Сівец