Родная старонка Віктара Ракава



У Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна адбылася літаратурна-музычная гадзіна «Старонкі маёй напеў», прысвечаная вядомаму беларускаму паэту Віктару Ракаву.

Бібліятэкар Юлія Яцкова нагадала, што 10 ліпеня спаўняецца 20 гадоў, як слыннага паэта няма з намі, а сёлетні год адзначаны 85-гадовым юбілеем Віктара Апанасавіча.

Прысутныя пачулі аповед пра жыццёвы шлях паэта, які пачаўся ў вёсцы Целяшы Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Адной з галоўных прыкмет творчасці Віктара Ракава было яго жаданне выказаць любоў да роднай Магілёўшчыны, перадаць сваё захапленне жыццём і добрымі справамі. «І нам па-зямляцку асабліва прыемна, што жыццёвая сцежка Віктара Ракава прайшла і праз Магілёўскі раён – з 1960 па 1965 год ён настаўнічаў у Рэчкаўскай школе», – сказала Юлія Яцкова.

Да юбілейнай даты быў падрыхтаваны інфармацыйны буклет і аформлена кніжная выстава, дзе агульную цікавасць выклікаў зборнік паэзіі «І сноп, і птах, і я..». з аўтографам Віктара Ракава. Некалькі вершаў юбіляра прагучалі ў выкананні Дар’і Мусіячынай і Ліліі Поршневай.

Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры, кампазітар Мікалай Яцкоў прадставіў тры песні на вершы Віктара Ракава – «Дарога да дому», «Неданошаная кашуля» і «Скачуць ножкі босыя…», якія ўпершыню і прагучалі ў аўтарскім выкананні.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёўскі раён

Фота Міколы Яцкова