“Рок за жыццё”: Музыкі выступілі супраць смяротнага пакарання
Беларускія музыкі адыгралі канцэрт у падтрымку кампаніі супраць смяротнага пакарання. Штогадовы фэстываль «Рок за жыццё», прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, прайшоў у менскім клубе RE:PUBLIC . На імпрэзу завітала некалькі соцен чалавек.
“Смяротнае пакаранне – гэта занадта рэзкая дзея, у прыватнасці для Беларусі, дзе дэмакратычных правоў няма. Калі браць музыкаў, такіх андэграўндных як мы, то гэта нашае слова, нашае НЕ смяротнаму пакаранню», – адзначыў Яўген Змушка, лідар гурта «Мутнаевока».
Гэтым годам на фестывалі выступілі гурты Nizkiz, «Петля Пристрастия», «Мутнаевока», а таксама пераможцы «Басовішча» SnopSnoŭ ды Teleport.
«Мне сорамна, бо яшчэ не так даўно я выступаў за смяротнае пакаранне. Але з узростам змяніў свае погляды. Калі ты даеш загад забіць, то ты сам забіваеш. Ты сам ні чым не лепшы за таго, хто здзейсніў злачыства. Нашая выпраўленчая сістэма павінна выпраўляць, а не забіваць», – кажа Яўген Цярэнцьеў з гурта Teleport.
Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага.
«Я ўпэўнены, што такія фестывалі спрыяюць таму, каб грамадская думка ў адносінах такіх пытанняў як смяротнае пакаранне рухалася да дэмакратычнага мыслення. Для мяне смяротнае пакаранне – гэта зло. Я не разумею як у прынцыпе можна спрычыняцца да забойства людзей. І я лічу, што калі грамадства ніяк не рэагуе на тое, што ў краіне ёсць вышэйшая мера пакарання, што людзей асуджаюць да смерці – яно спрычыняецца да гэтага. Асабіста я – не хачу», – распавёў вядоўца сёлетняга фэсту, спявак ды журналіст Ілля Маліноўскі.
Падрабязней слухайце ў далучаным файле:
Беларусь дагэтуль застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая ўжывае смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтаркі