Не было б уніяцтва – не было б Беларусі?
Гаворачы пра канфесійны склад Беларусі, часцей за ўсё маюць на ўвазе праваслаўных і рыма-каталікоў. Нехта прыгадвае і пратэстантызм, традыцыі якога ў нашай краіне сягаюць у XVI стагоддзе. А вось пра грэка-каталікоў згадак куды менш, хаця гэтая хрысціянская канфесія яшчэ 250 гадоў таму была ў Беларусі дамінуючай.
Якая роля грэка-каталіцкай царквы ў фармаванні беларускага этнасу? Чаму ўніяцкая царква выклікала такую лютую нянавісць расейскага царызму? Якія перспектывы ў грэка-каталікаў у цяперашняй Беларусі?
Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з гісторыкам Ярашам Малішэўскім – даследчыкам уніяцтва ў Беларусі.
Яраш Малішэўскі: Калі б не было ўніяцтва і ўвогуле грэка-каталіцкай царквы, то і беларусаў бы, напэўна, не існавала. Бо гэта тая канфесія, якая дазволіла нам захавацца, як народу. Уласна кажучы, сутнасць беларусаў такая і ёсць: знаходзячыся паміж светам каталіцкім і светам праваслаўным, заўсёды мы імкнуліся да гэтага самага паяднання. Такім сінтэзам праваслаўя і каталіцтва і стала ўніяцкая царква. Уніяцтва і дало нам найцікавейшыя ўзоры мастацтва, жывапісу, скульптуры, дойлідства… Беручы пад увагу тое, што напрыканцы XVIІІ стагоддзя, перад расейскай акупацыяй, каля 80% беларусаў былі ўніятамі, то прыкладна такі ж самы адсотак у нас найкаштоўнейшых, найцікавейшых абразоў, скульптураў, літаратуры… Тыя ж уніяцкія абразы – гэта наш беларускі фальклор. Натуральна, замяшаны і на візантыйскіх традыцыях, і на традыцыях заходнееўрапейскіх. Прытым замяшаны так, што іншым разам глядзіш на той уніяцкі абраз і разумееш – вось яна, сутнасць беларуса!
РР: А ў чым гэтая сутнасць выяўляецца?
Яраш Малішэўскі: Калі гаварыць пра менавіта ўніяцкія абразы, то гэта і не заходняе, і не ўсходняе мастацтва. А менавіта сінтэз, створаны на нашай беларускай глебе. Глядзіш на такі абраз і разумееш, што мастак маляваў яго з нейкага рэальнага чалавека, мо і са свайго знаёмага. Прытым бачыш там рэальныя, пазнавальныя рэчы тых часоў: ручнікі, інтэр’еры, зброю… На адным і тым жа абразе можна сустрэць надпісы і лацінскія, і беларускія, і польскія, і царкоўнаславянскія. Гэта космас, у якім ёсць усё! І лёс кожнага такога абраза – свая гісторыя, якія я знаходжу і апавядаю.
РР: У Заходняй Украіне шмат хто мяркуе, што грэка-каталіцтва – выключна ўкраінская з’ява…
Яраш Малішэўскі: Такое меркаванне некаторых нашых украінскіх братоў – ад недасведчанасці. Кожны культурны чалавек мусіць ведаць, што беларусы і ўкраінцы знітаваныя вельмі шчыльна, у тым ліку і праз Унію. Менавіта ў нас ўніяцтва набыло тыя формы, якія прыжыліся ў народзе. Згадайма Украіну. Шматлікія паўстанні: Хмяльніччына, Гонта, Жалязняк… Там было вельмі жорсткае міжканфесійнае супрацьстаянне. Каталікі рэзалі праваслаўных, праваслаўныя забівалі грэка-каталікоў і гэтак далей. Дзясяткамі тысяч. У нас нічога падобнага не існавала.
РР: А чаму так?
Яраш Малішэўскі: Калі гаварыць вельмі спрошчана, то тут даюцца ў знакі традыцыі і ментальныя асаблівасці нашых народаў. Паўднёвы – “калі ты не з намі, ты супраць нас!” і іншы, паўночны, з разуменнем таго, што “іншы” – ён не ёсць тваім ворагам, ён можа быць тваім найлепшым сябрам, але пры гэтым заставацца іншым па веравызнанні. Калі ва Украіне стагоддзямі прадстаўнікі розных канфесій і рэлігій адзін аднаго рэзалі, душылі, забівалі, стралялі, тапілі, то ў нас такога ніколі не было. Калі, вядома ж, не браць знешніх уплываў. Класічнае беларускае мястэчка, не кажучы пра вялікі горад, выглядала так: касцёл, царква, уніяцкая бажніца, пратэстанцкая кірха і сінагога, а іншым разам і мячэць. Прадстаўнікі розных рэлігій і канфесій зазвычай віншавалі адзін аднаго са святамі, а іншым разам нават і сумесна іх святкавалі. І ніякай варажнечы!
РР: Аляксандр Герцен у сваім галоўным творы “Былое і думы” апавядае, як масава пераводзілі беларускіх грэка-каталікоў у маскоўскае праваслаўе: ва ўніяцкую вёску прывозілі салдат, якія ўсіх секлі. Адкуль у расейскага царызму такая нянавісць да нашых грэка-каталікоў?
Яраш Малішэўскі: Калі скласці такую ўмоўную шкалу, то ўніяцтва акурат і будзе паміж праваслаўем і каталіцтвам. Гэткі сярэдні варыянт. Яго расейскім імперцам было куды прасцей знішчыць. Знішчыш грэка-каталікоў, зачысціш гэтае поле – наступнымі будуць рыма-каталікі.
РР: Расейская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату кананізавала мітрапаліта літоўскага Язэпа Сямашку, які спрычыніўся да ліквідацыі беларускага ўніяцтва. Як вы ацэньваеце гэтую гістарычную асобу?
Яраш Малішэўскі: Роля Язэпа Сямашкі, насамрэч, страшная. Я б так сказаў, што калі скласці тройку найстрашнейшых персанажаў нашай гісторыі, якія не ёсць прыхаднямі, а маюць менавіта беларускае паходжанне, то Сямашка ў тую тройку ўваходзіць. Ён паходзіў з нашых земляў, але стаў здраднікам. Найжудасныя пачвары выгадоўваюцца менавіта з “мясцовых кадраў”. Чалавек, які быў беларускім грэка-каталіцкім святаром, свядома перайшоў на бок акупантаў і вырашыў знішчыць сваё. Ніякі акупант так бы не зрабіў, бо менавіта Сямашка ведаў усё з сярэдзіны: псіхалогію народа, усе варункі… Акупанты выдатна разумелі, што лепш за Сямашку ніхто ўніятаў не знішчыць. Таму і далі яму такія паўнамоцтвы. Унія на той момант была канцэнтрацыяй таго, што трымала беларусаў: нацыянальнай царквы. У выніку атрымалася, што адна царква – праваслаўная, то бок маскоўская, а другая – каталіцкая і польская. Прынамсі, на той час.
РР: Якія перспектывы беларускага ўніяцтва ў цяперашняй Беларусі?
Яраш Малішэўскі: З цяперашняй уладай ніякіх перспектываў быць не можа. Грэка-каталікі нават не могуць збудаваць свае бажніцы – ім проста не дазваляюць. Але лічу, што ўсе гэтыя перашкоды рана ці позна будуць перадолены, бо стрымліванне абсалютна штучнае. Беларусы яшчэ ў XVI стагоддзі ўсё вынайшлі – нашую нацыянальную царкву, якая злучыць наш падзелены на праваслаўных і каталікоў народ разам.
Уніяцкая, ці грэка-каталіцкая царква ўзнікла ў выніку Берасцейскай уніі ў 1596 годзе, калі праваслаўныя і каталікі Беларусі аднавілі адзінства пры ўмове падпарадкавання Папе Рымскаму, але з захаваннем праваслаўных абрадаў. Унія была гвалтоўна зліквідаваная ў 1839 годзе, што выклікала масавыя хваляванні ў Беларусі. Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя пачалося аднаўленне ўніяцкіх храмаў. Цяпер ў нашай краіне існуе каля 20 грэка-каталіцкіх парафій.
[Not a valid template] Беларускія ўніяцкія абразы XVIІІ стагоддзя
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя