Росіцкія ўрачыстасці
З кожным годам усё больш пілігрымаў наведвае вёску Росіца, што ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. У гэтым годзе туды, каб ушанаваць памяць блаславёных ксяндзоў-марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, завіталі нават берасцейскія вернікі. Яны праехалі адлегласць больш за 600 кіламетраў, каб разам з іншымі каталікамі, святарамі і біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам памаліцца ў росіцкім касцёле і прайсці крыжовым шляхам да “Пляца пакутніцтва”.
Як кажа ксёндз росіцкай парафіі Чэслаў Курэчка, зараз хоць і вайны няма, але людзі нейкія стомленыя, прыгнечаныя, няма іскаркі ў вачах, а тут мы ім даём надзею і молімся разам з імі.
– І ў сённяшні час людзі, злажыўшы рукі, стаяць на каленях на гэтай халоднай падлозе і ўглядаюцца ў крыж, і моляцца Маці Божай, просяць яе заступніцтва, каб у гэтай жыццёвай дарозе не прыстаць, каб быць мужнымі пераможцамі, так як Юрый і Антоній, якія былі з людзьмі даканца. Я назіраю за гэтымі людзьмі, так гэта мяне радуе, што жыве вера ў людзскіх сэрцах.
Падчас росіцкай трагедыі нацыстамі былі спаленыя каля паўтары тысячы мясцовых жыхароў і ксяндзы Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч, якія адмовіліся пакідаць сваіх парафіянаў. Антыпартызанская карная аперацыя адбылася ў лютым 1943 года і мела назву “Зімовы цуд”. У ёй удзельнічалі латышскія, літоўскія і ўкраінскія паліцэйскія батальёны, а таксама рота СС.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі