РТБД у 2018 годзе пакажа спектаклі ў Францыі, Польшчы і Арменіі
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ў 2018 годзе прадставіць свае пастаноўкі ў Францыі, Польшчы, Арменіі. Аб гэтым паведаміў журналістам мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў.
Паводле слоў Аляксандра Гарцуева, у мінулым годзе тэатр прымаў удзел у Авіньёнскім фестывалі ў Францыі, у гэтым годзе запланавана выступленне ў Парыжы. Нядаўна тэатр вярнуўся з Сербіі, дзе ўдзельнічаў у фестывалі. У маі адправіцца выступаць у Ерэван на III Маладзёжным тэатральным форуме краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі, які праводзіць Міжнародная канфедэрацыя тэатральных саюзаў. Другі форум, дарэчы, прымала Беларусь, і непасрэдным яго арганізатарам быў РТБД. Восенню на гастролі запрошаны спектакль „Кар’ера доктара Рауса” тэатра ў Лодзі (Польшча). З польскімі калегамі склаліся даўнія сувязі, і беларускі РТБД там бывае нярэдка. Калектыў выступае ў Варшаве, Беластоку, Любліне, Лодзі, а прадстаўнікі польскай культуры – частыя госці ў Беларусі, дзе праводзяць майстар-класы.
Гаворачы пра новыя пастаноўкі, Аляксандр Гарцуеў паведаміў пра пачатак падрыхтоўкі спектакля „Москаў Дрымін” паводле п’есы беларускага драматурга Віталя Каралёва. Ставіць яго запрошаны расійскі рэжысёр Вольга Саратокіна. Запланавана яшчэ адна пастаноўка, зоймецца якой украінскі рэжысёр Стас Жаркоў. Пра яго Аляксандр Гарцуеў выказаўся як пра яркага маладога рэжысёра, чыю пастаноўку чакаюць з вялікай цікавасцю.