„Рускі” – прэм’ера фільма Віктара Аслюка ў Варшаве
У Варшаве адбыўся фестываль беларускага кіно “Бульбамуві”, на якім было паказана нямала прэм’ер. Сярод іх – фільм “Рускі”, зняты паводле аднайменнай аповесці Максіма Гарэцкага.
Дзеянні адбываюцца ў час Першай сусветнай вайны. Гэта гісторыя пра тое, як беларус “рускі”, бо служыць у расейскім войску, сустракае заходняга ўкраінца – “аўстрыйца”. Рэжысёр фільма Віктар Аслюк зазначае, што зняць гэтую стужку было для яго прынцыповай справай, таму яму складана неяк яе ацаніць:
– Ведаеце, я гадоў 15-20 таму хацеў пачаць здымаць фільмы менавіта з экранізацыі гэтага апавядання. Але так атрымалася, што прайшло столькі гадоў і яно здарылася. Дзіўна, канешне, што праз 15 гадоў я ўсё ж гэта зрабіў. Я не хачу ацэньваць гэты фільм, тым больш у розныя дні я па-рознаму стаўлюся да яго.
Стужка ўжо была прадэманстравана на фестывалі кароткаметражных фільмаў у Грэцыі ды фестывалі “Усход культуры” ў Беластоку. Рэжысёр зазначае, што фільм няпросты да зразумення, а калі чалавек незнаёмы з беларускімі рэаліямі, то наогул – немагчымы.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава