Руслан Кулевіч прэзентаваў кнігу „Гісторыі з гродзенскіх вуліц”
„Гісторыі з гродзенскіх вуліц” – так называецца кніга журналіста Hrodna.life Руслана Кулевіча, якую ён прэзентаваў у Цэнтры гарадскога жыцця Гародні, дзе сабралася каля 150 чалавек.
Сам аўтар Руслан Кулевіч усцешаны такой колькасцю людзей:
– Прыйшло шмат людзей, не менш, чым у мінулым годзе. Атрымалася ўсё цікава, я выступаў, героі выступалі. Крыўдна, што мы не дазваніліся да героя з Польшчы. Ён вельмі хацеў выступіць онлайн, але не атрымалася. Попыт на гісторыю Гародні ёсць, попыт на кнігу ёсць, попыт на Кулевіча ёсць. Працягваю далей збіраць успаміны, ужо пераходзіць на новы ўзровень – гэта 30-я, 40-я, 50-я гады паступова. Працую над кнігай „Гродзенцы здалёк”, якую планую выпусціць у 20 годзе. Гэта пра гарадзенцаў, якія вымушаныя былі з’ехаць да вайны, пасля вайны – гэта ў асноўным габрэі.
Гісторык Андрэй Чарнякевіч мяркуе, што сабраць такую аўдыторыю складана:
– Шчыра кажучы я не ведаю, хто сёння з гарадзенскіх гісторыкаў, наагул беларускіх гісторыкаў у стане сабраць такую аўдыторыю нават не па колькасці, а па ўзросце. Гэта безумоўна сведчыць пра цікавасць. Чым больш будзе цікавых, разнастайных, а галоўнае запатрабаваных кніжак пра мінулае, тым больш мы зможам зразумець сённяшні дзень.
Кніга выйшла накладам у 500 асобнікаў, грошы на яе былі сабраныя дзякуючы краўдфандынгу.
Папярэдняя кніга журналіста пад назвай „Горад адзін, успаміны розныя” выйшла ў 2019 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Аўтар фота Сяргей Апановіч