Руслан Кулевіч прэзентаваў кнігу ўспамінаў гарадзенцаў
Каля ста чалек прыйшло на прэзентацыю кнігі журналіста і краязнаўца Руслана Кулевіча „Горад адзін – успаміны розныя”. Кніга распавядае пра лёсы людзей і падзеі 30-40-х гадоў ХХ стагоддзя і складзена з успамінаў 16-ці сталых гарадзенцаў.
Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы дзеліцца ўкладальнік кнігі Руслан Кулевіч:
– Не ўсіх герояў удалося прывезці, я планаваў больш. У апошні момант некаторыя захварэлі, усё ж такі сярэдні ўзрост 90 гадоў. Хтосьці ў апошні момант адмовіўся, але мы ўсіх сюды прывезлі і завезлі. Усё, што планавалася, атрымалася. Я правёў добрую рэкламную кампанію, напэўна ніхто з гарадзенскіх аўтараў так не праводзіў рэкламу сваёй кнігі. Я ўвесь працэс кнігі фікксаваў з пачатку да канца, як рыхтаваў матэрыялы, як запісваў успаміны, як завозіў кнігу героям. Усё гэта я фіксаваў у Instagram, Facebook і ВКонтакте. Я думаю ў мяне атрымалася.
Настаяцель гарадзенскага Свята-Пакроўскага сабора пртаірэй Георгій Рой лічыць, што кніга Руслана Кулевіча – гэта сапраўдная гісторыя Гародні:
– Калі гісторыю пішуць прафесійныя гісторыкі – гэта заўсёды інтэрпрэтацыя, гата заўсёды ўжо нейкая канцэпцыя, вельмі часта ідэалогія, нават прапаганда. Найсапраўднейшы барометр гісторыі – гэта той, хто перажывае гэтую гісторыю, просты, звычайны чалавек, яго ўражанні, яго лёс, яго перажыванні, лёс яго блізкіх. Руслану ўдалося адлюстраваць вось гэтую сапраўдную чалавечую гісторыю.
Больш за 150 асобнікаў кнігі, на якую грошы збіралі талакой, гарадзенцы атрымалі на сустрэчы. Апроч сустрэчы з Русланам Кулевічам і героямі кнігі ў „Цэнтры гарадскога жыцця” былі прадстаўлены старыя фотаздымкі і мапы Гародні 30-40-х гадоў ХХ стагоддзя.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня