Руслан Вашкевіч: Ролю мастака ў гэтай рэвалюцыі ўзяў на сябе народ
Творчы падыход людзей і гумар – гэта тое, чаму цяжка супрацьстаяць уладзе. Кожны від пратэсту – гэта ўжо культурніцкая з’ява.
У гэтым перакананы прадстаўнік беларускага актуальнага мастацтва, мастак, куратар культурніцкіх праектаў Руслан Вашкевіч. Ён адзначыў, што роля мастака – гэта адна з галоўных роляў, і выконваюць яе сёння шараговыя грамадзяне:
– Ролю мастака ў гэтай рэвалюцыі, мне здаецца, узяў на сябе народ, людзі. На гэты раз людзям не былі патрэбныя нейкія маніфесты, намаляваныя плакаты, нейкія яркія карцінкі, зробленыя прафесійнымі мастакамі. А ўсё гэта цяпер умеюць выдатна рабіць самі людзі. Тым больш яны натхнёныя не нейкім там эстэтычным пачуццём, а самімі падзеямі, якія навокал адбываюцца.
Руслан Вашкевіч адзначыў, што сёння альтэрнатыўная культура робіцца на вуліцах. Гэта стварэнне ўласных сцягоў, упрыгожванне вокнаў, дваровыя фэсты ды так далей.
Беларускае Радыё Рацыя