Русціс Камунтавічус: Мне прыемна, што мы камусьці патрэбныя



ХІ Кангрэс даследчыкаў Беларусі сёння, 24 верасня, завяршае сваю працу ў Гданьску. Навукоўцы і даследчыкі, якія прыехалі на форум, яшчэ будуць працаваць у сваіх секцыях, але няпоўны дзень. Пра тое, чым адрозніваўся сёлетні Кангрэс ад мінулых разважае арганізатар з літоўскага боку, доктар гістарычных навук Русціс Камунтавічус у размове з Алесем Аркушам.

Русціс Камунтавічус

РР: Ці не ёсць у вас нейкія такія пачуцці ад гэтага кангрэса, што з’ехаў з Коўна роднага, дзе заўсёды адбываўся і дзе вы былі адным з галоўных арганізатараў?

Русціс Камунтавічус: Няма, таму што я і тут адзін з галоўных арганізатараў, напрыклад, я адмініструю веб-сайт кангрэса, дзе ідзе ўся інфармацыя. І самае галоўнае – я адмініструю фінансы кангрэса. Праз мяне ідуць усе гэтыя рэчы. Але ў мяне крыху менш працы тут, чым у Коўне. І я гэтаму рады, бо там былі мы адны, а тут яшчэ ёсць польскія партнёры, якія робяць шмат розных рэчаў. І мне нават прыемна, што мы камусьці патрэбныя, не толькі самі сабе, нават палякам. Ды і ўвогуле цікава, новы горад яшчэ пагляджу, музеі. Думаю, што гэта добра, і для ўдзельнікаў, якія заўжды ездзілі ў Коўна, добра памяняць месца.

РР: А як вы адчуваеце, вось раней у кангрэса былі партнёры-ўніверсітэты, а тут партнёры-музеі, ёсць нейкая розніца ў арганізацыйным плане, як праводзіць?

Русціс Камунтавічус: Ніяк не адчуваецца, таму што ў гэтых музеяў ёсць аўдыторыі так, як і ў нашых універсітэтах, бо нам жа самае галоўнае – гэта аўдыторыі. Гэтыя тры музеі маюць столькі аўдыторый, колькі нам трэба, каля 20 аўдыторый. І ў гэтым сэнсе няма ніякай розніцы. Якая яшчэ праблема? Студэнты бывалі, тады яны працавалі валанцёрамі, у Літве, напрыклад. Але мы тут вырашылі гэтую праблему, некалькі беларусаў прыцягнулі з Гданьску. І дэсант з Літвы прыехаў, мы літоўскіх студэнтаў прывезлі. І з валанцёрамі вырашылі праблему. Думаю, галоўнае, што раней універсітэт быў партнёрам, таму што мае аўдыторыі. Вось у Вільні, калі мы рабілі, у Варшаве, гэта былі ўніверсітэцкія аўдыторыі. І тут. у Гданьску, мы вырашылі праблему з аўдыторыямі.

РР: Я маю на ўвазе, што калі кангрэс адбываецца, ён неяк працуе яшчэ на гэтую моладзь, якая навучаецца. Я думаю, што яны прыходзілі на нейкія панэлі, якія іх цікавілі. Такога не было?

Русціс Камунтавічус: Не. Тут ёсць адна з самых вялікі праблем кангрэса, таму што маё бачанне было, як прадстаўніка літоўскага боку, што якраз уцягнем маладых людзей і навукоўцаў, прафесараў, яны там усе прыйдуць. Але гэтага не атрымліваецца чамусьці, ні ў нас у Літве, ні тут, у Польшчы. Нават саміх беларусаў тут мала прыйшло як валанцёраў.  Я думаў, што тут іх будзе больш і нам будзе менш праблем с гэтым.

РР: Тут шмат беларусаў у Гданьску.

Русціс Камунтавічус: Акахалася, гэта так не працуе, як вы сказалі. Тут нейкая іншая логіка, і ўсё гэта робіцца па іншых нейкіх законах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Традыцыйна Кангрэс даследчыкаў Беларусі завершыцца сёння, 24 верасня, агульным пленарным паседжаннем, на якім будуць падведзены вынікі. Сёлета сярод партнёраў Кангрэса былі тры гданьскія музеі – Музей Другой сусветнай вайны, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці і Нацыянальны марскі музей.

Беларускае Радыё Рацыя