Руся: У Вільні будзе незвычайны канцэрт! (абноўлена)
Амаль 9-ць месяцаў у Грузіі жыве спявачка з Беларусі Руся (Марына Шукюрава). Яна мела выступы ў сталіцы Грузіі Тбілісі, а таксама ў сталіцы Аджарыі – Батумі.
Спявачка пасля Грузіі плануе перабрацца ў Польшчу, дзе, на яе думку, больш развітая музычная сцэна.
28 жніўня спявачка выступіць у Вільні.
Пра жыццё ў Грузіі і канцэрт, які мае адбыцца ў Вільні, Руся, распавядае нашаму карэспандэнту:
Зараз падлічу, колькі я ў Грузіі жыву, – 9 месяцаў, можна было б і дзіцёнка нарадзіць за гэты час. Я спрабую ўвесь гэты час займацца культурай, але ў Грузіі гэта цяжка рабіць. Таму што грузінскае грамадства вельмі закрытае, культурнае развіццё ўсё накіраванае ўнутр Грузіі. Я нават не магу назваць імёны нейкіх знакамітых ды-джэяў, электронных музыкаў. Усё, што тут адбываецца, застаецца ў Грузіі.
З-за блакітнага пашпарту і з-за таго, што мы іншая культура, увайсці тут у музычны рынак немагчыма. Мы спрабавалі рабіць канцэрты, вечарыны і нешта такое адбывалася, але, канешне, за гэта не пражывеш
РР: Я ведаю, што ў вас адбываліся канцэрты і ў Тбілісі, і ў Батумі, і на караблі тут падчас тыдня беларускай культуры. Шмат людзей прыходзіць на такія вечарыны, беларусаў, можа, не толькі беларусаў. Хто прыходзіць?
Руся: У Тбілісі з большага была дыяспара і ЛГБТ-суполка Тбілісі, таксама людзі з арт-індустрыі, такія, якія цікавяцца музыкай. Тут у Батумі ходзяць на канцэрты экспаты і грузіны, маладыя і даволі сталага ўзросту мужчыны. Ім цікава паглядзець, што там за дзяўчына спявае, што за беларускія спевы.
Таксама мы тут тусуемся з будучым мэрам Батумі Кахаберам Цыскарыдзэ. Ёсць такі вядомы персанаж тут у Грузіі і ў Батумі, спявак. І ён таксама працуе з этнічным матэрыялам, электроннай музыкай. І мы жартуем, што Кахабер і яго дзяўчаты, што спяваюць традыцыйныя спевы, гэта грузінская SHUMA, а SHUMA – гэта беларускі Кахабер.
Нягледзячы на гэтыя сяброўскія сувязі, я ведаю тут шмат людзей, якія сапраўды тут варацілы шоў-бізнесу і электроннай музыкі, зайсці сюды на рынак беларусам з беларускім прадуктам немагчыма, таму канцэртамі мы тут займаемся мала. З большага я прыходжу ў сябе, прывожу сваю псіхіку і нервы ў парадак, займаюся дачкой, апякуюся сваёй маці і працую вакальнай тэрапеўткай. Я вяду прыватныя сесіі па настройцы голасу. Чалавек прыходзіць з піяніна, а мне трэба настроіць і навучыць, як на ім граць. З большага я працую тут як вакальная тэрапеўтка анлайн.
РР: Ведаю, што бліжэйшым тыднем будзе канцэрт у Вільні. Што там за праграма на гэтым канцэрце і што вы там прадстаўляеце?
Руся: Мы вырашылі там зрабіць канцэрт разам з кампаніяй “Разам”, каб разам з беларусамі ў Вільні, у Літве ўвогуле правесці лета, павітацца, паабдымацца. У праграму мы рыхтуем свае найлепшыя хіты, тыпу “Рана-рана”, некаторыя новыя трэкі. Цяпер SHUMA больш працуе ў стылістыцы тэхна. Мы хочам праз тэхна праскочыць на еўрапейскі рынак, з большага на нямецкі і брытанскі. І мы цяпер эксперыментуем з адным маладым прадзюсарам з Гомеля, ён вельмі просіць не называць яго імя, бо жыве ў Беларусі і баіцца, але гэта вельмі цікавы тэхнамузыка з Гомеля, гэта мой зямляк, дарэчы. І вось мы цяпер працуем над новай праграмай. Не ведаю, як там атрымаецца, але вось ужо першыя крокі ёсць.
І ў Вільні будзе незвычайны канцэрт. Незвычайны таму, што тут будуць дзве новыя фішачкі. Па-першае, акрамя жывога выступу SHUMA, будзе ды-джэй выступ Лёшы Будзько які мае вельмі незвычайны падыход у плане выбаркі трэкаў, якія ён грае. Ён сам мае бэграўнд працы ў аркестрах, ён кансерваторскі музыка з добрай адукацыяй, з вялікім досведам працы з сусветнымі аркестрамі. Уяві, класічны музыка становіцца ды-джэем. Ён прадстаўляе вельмі незвычайную музыку. І гэта цікавы факт, таму што мы ўбачым на гэтым выступе ў Вільні, бо ён, гэты канцэрт, будзе адбывацца ў тэатры.
Я хвалююся, бо не ведаю, як спрацуе гэты ды-джэй свет у тэатры, бо гэта не танцпол, там няма страбаскопаў ды машын, гэта проста імпрэза ў інтымнай прасторы. І вось як туды ўпішыцца ды-джэй, які сумяшчае веды класічнай музыкі і найноўшай, сучаснай электроннай музыкі, як гэта будзе глядзецца ў тэатры, калі адзін хлопец і ніхто з ім побач не спявае. Вось як спрацуе гэтая культура ды-джэй гуку ў межах тэатра і інтымнага канцэрта? Лёша вельмі артыстычны, і я ўжо разам з ім праслухоўвала трэкі, якія ён адбірае, гэта, канешне, так густоўна, так глыбока.
Я ўпэўнена, што гэта будзе класная імпрэза для меламанаў, для людзей, якія разумеюць музыку, яе тонкасці, глыбіню, якія аўдэёсенсітыўныя, адчуваюць музыку ажно целам, усе кайфарыкі ад музыкі. Запрашаю ў Вільню, там будзе, што для сябе ўзяць!
Гукавы матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя