Ружа на ўзбочыне
«У творчасці паэта ёсць адзін важны верш» — так піша Надзея Артымовіч у сваім эсэ «Паэзія — гэта вольнасць», змешчаным у яе зборніку «Жоўтая музыка», выдадзеным нашай рэдакцыяй у 2005 годзе. Я не ведаю, які верш з’яўляецца гэтым адзіным, самым важным для яе самой. Спадзяюся, што ён увесь час пішацца. Але ж усё напісанае дагэтуль Надзеяй Артымовіч дае кожнаму з нас магчымасць адшукаць у яе паэзіі менавіта той самы, адзіны, важны верш — твой верш. Верш, які будзе ўсплываць у тваіх думках у розных неспадзяваных хвілінах і месцах. Верш — мантра, малітва, замова. Замова, мова, слова. Маўчанне — ці ж не самае таемнае і характэрнае для сакрум і прафанум ейнага жыццёва лёсу? Аднак больш трапным здаецца тут гаварыць не пра жыццёвы лёс, а пра жыццёвы выбар. Паэтэса вельмі часта падкрэслівае, што яе паэзія гэта самотнасць. Аднак ці не важнейшая тут роля самастойнасці? Так, Надзея Артымовіч аж да болю кожнай костачкі свайго крохкага цела даказвае сабе і нам, што ўсё дагэтуль пражытае і напісанае гэта ейны свядомы выбар. Каб рабіць такія выбары, патрэба годнасці і адвагі з прыбаўкай нейкага нястрыманага летуцення — паэтычнага, беларускага, бельскага. І ад першага дэбютнага верша ўзляцела высока, за кіслародам, за бязмежным даляглядам. Разам з гусямі, менавіта тымі ад Белай Русі. Толькі кім узляцела? Казачным лебедзем ці жанчынай Ікарам… А лётаць не кожнаму дадзена. А можа мара пра палёты, космас, пераломванне чалавекам законаў фізікі неяк генетычнае ў родзе Артымовічаў? Блізкія сямейнікі паэтэсы пайшлі шляхам астраномаў і фізікаў. Так здарыцца ў нас, што некалькі гадоў пазней у беларускай прозе на Падляшшы, над Гайнаўкай пачне лётаць Колька Міхася Андрасюка. Паэзія і проза пошукаў праўды і надзеі. Тыя пошукі Юбілярка заўсёды выяўляла на старонках «Нівы», у сяброўстве з нашай рэдакцыяй. Надзея Артымовіч — ніўская ружа. І менавіта калі яе літаратурныя сябры«белавежцы» — бы тыя сімвалічныя дубы, грабы, ляшчыны, клёны — выбіваліся высока і распіхваліся паміж сабою, яна вырасла адзінокай цярністай ружай на ўзбочыне.
Усе пошукі — гэта выпрабаванне шляхам вандравання, спазнаванне свету і ныранне ў глыбіню самога сябе. Для мужчын рэзервавана слова канкрэтнае — вандроўнік. А жанчына, якая здольная да такіх подзвігаў, то хто ў такім выпадку? Вандроўніца? Банальна і смешна — гэта адна з любімых показак Надзеі Артымовіч. Алё ёй самой такое вандраванне па літаратуры і жыцці, спалучанае з лётаннем, прынясе цярпенне. Цярпенне ў адказнасці за лёс слова і прасторы. Прасторы дому, вуліцы, горада, могілак. А затым пойдуць роздумы над белымі пейзажамі пад адплываючым у бязмежнасць сінім небам. Спазнаванне і адкрыванне чарговых дзвярэй з таямніцамі чалавецтва нагадвае таемныя вандроўкі Алісы з краіны цудаў. Стары буфет, шафа, стол, фатэль, запыленыя кніжкі дазваляюць адчуваць і віраваць у шалёным танцы пад жоўтую музыку лісцяў, што пяшчотна туляцца да ейнага акна. Лісце, дрэвы, шпацыр. Напэўна шалік і чорныя рукавічкі. Чорны колер Надзеі Артымовіч як чорныя сны? Але ж не. Эстэтычныя стылізацыі Надзеі Артымовіч гэта не толькі паэзія. Гэта інстынктыўная, да болю жаночая прага танца мадоннаў. Свет пурпуровых ружаў, чырвонага віна, надзей, развеяных у папяросным дыме. І тады няма наракання — ёсць вырваныя, выкрычаныя словы, што кладуцца ў паэтычныя радкі ў амаль стэрыльнай цішыні. Словы знойдзеныя таксама ў блуканнях завулкамі Бельска.
Кожны горад мае свае гістарычныя, мастацкія, жыццёвыя індывідуумы — асобы сімвалы, твары лёсу жыхароў горада. Бельску напэўна пашанцавала. Ён мае Надзею Артымовіч. Яе шпацыры па сваім горадзе нагадваюць элегантнасць і культурнасць мяшчанскага свету пералому ХІХ і ХХ стагоддзяў. А так прыгожых радкоў, ахвяраваных паэтэсай роднаму Бельску, не паўторыць ніхто. Здаецца, аднак, што гэта каханне без узаемнасці. Бо чым жа аддзячвае ён нашай Юбілярцы? У ейным паэтычным горадзе блізкія дзеляцца духмяным хлебам, той сімвалічнай, хрысціянскай скарынкай, якая яднае людзей.
Скарынка хлеба надта часта бывае сёння падлітая горкімі слязамі і знявераннем у чалавецтва. Але мне верыцца, што зараз разбудзіцца бельскі стары музыка і зайграе для Надзеі ў яе дзень нараджэння тыя мелодыі і песні, ад якіх затрапечуцца людскія сэрцы. А яе рука пачне праліваць на паперу чарговыя радкі вершаў пра зачараваны горад і наш лёс. І наступныя чытачы і пакаленні будуць у змозе адшукаць для сябе менавіта самы важны верш жыцця. Ніжэй падпісаны дзякуе Табе за ўсё, Надзя!
Яўген ВАПА
Ніва (нр. 07), 2016 г. Тэкст напісаны з нагоды юбілею сямідзесяцігоддзя з дня нараджэння.
Калі блізкі зраніць цябе
Маўчы…
Калі згасне апошні прамень надзеі
ў твам сэрцы
Маўчы…
Калі ўпадзеш у палон буры
Маўчы…
Калі тоне твая лодка
Маўчы…
Калі любіш паэзію
Маўчы, не гавары нікому…