Рыгор Сітніца: Гэта рафінаваная эстэтыка, але абсалютна беларуская
Міжнародны День роднай мовы полацкая мастачка Таццяна Козік адзначыла адметнай выставай у сталічнай галерэі «Мастацтва» на праспекце Незалежнасці. На адкрыццё сабралася шмат мастакоў, мастацтвазнаўцаў, пісьменнікаў і паэтаў, якія чыталі свае вершы.
Мастак і паэт, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца патлумачыў для нашага радыё, у чым асаблівасць гэтай выставы:
– Выстава Таццяны Козік – гэта для мяне асабістая прыемнасць, хоць бы таму, што я яе ведаю, можна сказаць, з дзіцячых гадоў – калі ёй напэўна было не больш дзесяці. І вось цяпер, калі я ўзначальваю Беларускі саюз мастакоў, мне дужа прыемна, што ёсць такі прыгожы ва ўсіх адносінах чалавек – і мастак, і жанчына, і душа прыгожая. І гэта мы бачым на выставе. Адначасова магу падкрэсліць, што выстава абсалютна сучасная, як цяпер модна казаць, крэатыўная. І адначасова яна беларуская, заглыблена беларуская – у сваёй танальнасці, у сваёй каларыстыцы, у сваёй рытміцы.
І гледзячы на гэтыя творы, якія, здаецца, не маюць ніякай фігуратыўнасці і канкрэтнасці, адразу ўзгадваеш жывапіс Бялыніцкага-Бірулі, Анатоля Бараноўскага, Івана Рэя, Сямёна Дзмухайлы. Гэта тыя мастакі, якія найболей заглыблена выявілі нашую беларускую танальнасць і нашую беларускую каларыстыку. Ну не дзіва будзе напэўна сказаць, што калі мы паставім дзесяць мастакоў на адзін краявід, то выйдзе дзесяць розных краявідаў. А калі яшчэ паставім дзесяць людзей розных нацыянальнасцяў, то гэта зусім будуць розныя краявіды, і гэта нават незалежна ад нас саміх. Ёсць генэтыка, ёсць духоўная генэтыка, якой мы падпарадкоўваемся незалежна ад нашай волі. Калі чалавек пачынае супраціўляцца гэтаму, то часам атрымліваецца жывапіснае вычварэнне, на вялікі жаль. Гэта трэба мець велізарны талент, каб раптам паказаць сябе ў нейкіх абсалютна іншых колерах.
Але вяртаемся да Таццяны. Чалавек абсалютна паэтычнага складу мыслення і духоўнага строю. І гэта адчуваецца і ў габеленах, часам гэта не зусім габелены, але тое, што можна назваць мастацтвам тэкстылю. І вельмі здорава гэта выявілася ў касцюмах, якія яна супольна зрабіла са сваёй сяброўкай. Гэта настолькі хораша, настолькі прыгожа, гэта так па-еўрапейску, гэта вельмі эстэтычна, гэта нават рафінаваная эстэтыка, але гэта абсалютна беларуская эстэтыка. Вось гэткім мы і мусім сцвярджаць сябе і ў літаратуры, і жывапісу, і ў паэзіі, і ў тэатры. Калі мы будзем пра нашае, беларускае, казаць зразумелай, але абсалютна сучаснай эстэтычнай моваю. Гэта проста наша задача.
Між іншым нядаўна размаўлялі з мастакамі пра тое, што напачатку красавіка мы будзем ладзіць выставу, прысвечаную 100-гадоваму юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі. І вось жа задача: не проста адзначыць, а прачытаць гэтую тэму сучаснымі пластычнымі сродкамі. Таму што так, як мы гэта рабілі гадоў 30 назад, а многія і сёння так зробяць, будзе ўчарашні дзень, трэба сказаць пра гэта так, як у паэзіі можа сказаць, напрыклад, Алесь Разанаў, ці Уладзімір Някляеў, дзе проста абсалютна сучасны пульс, гэта глыбокая філасофія, гэта ўрэшце рэшт неверагодны гук. Вось гэтага мы павінны дасягаць у нашых мастацкіх творах. І Таццяну я запрашу абавязкова. Безумоўна, гэта тая дата, якая павінна натхніць нас усіх. Бо што казаць і тлумачыць, чым з’яўляецца для нас гэтая дата.
На выставе Таццяна Козік прадставіла перадусім свае найноўшыя працы ў галіне мастацкага тэкстылю, а таксама аўтарскае адзенне, якое Таццяна выконвае разам з Марынай Мярцалавай.
Выстава, якая мае назву „У гэтых вокнах жыве любоў”, будзе працаваць да 13 сакавіка.
[Not a valid template]
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара