Рыхтуецца дапаможнік па беларускіх народных танцах
Беларускім народным танцам неўзабаве можна будзе навучыцца з дапамогаю адмысловых аўдыё- і відэадыскаў. Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава, вядомая як аўтар-укладальнік дыску “Галасы паэтаў”, зараз працуе над новым праектам – “Навучальны дапаможнік па беларускіх народных танцах”.
– Зараз рыхтуецца новы праект – гэта навучальны дапаможнік беларускіх народных танцах. У нас ужо вельмі даўно існуе капэла “На таку”, з 2008 году. Гэта яшчэ Зміцер Сідаровіч калісьці яе сабраў. І мы гралі народныя танцы ў кавярні „Жар-птушка”. Зараз спяшаемся давесці да ладу гэтае выданне. Матэрыял ужо ўвесь запісаны і толькі яго трэба сабраць, пачысціць і надрукаваць. Гэта будзе каля 30 беларускіх народных танцаў.
Выданне будзе ўтрымліваць два дыскі. На аўдыёдыску будзе запісана музыка для танцаў. На відэадыску – непасрэдна танцы, а таксама запісы навучальных урокаў па танцах.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя