Рыхтуецца энцыклапедычны даведнік пра Жыровіцкі манастыр



Менскае выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» сёлета выдасць кнігу, прысвечаную Жыровічам.

Гэта будзе энцыклапедычны даведнік да 500-годдзя Жыровіцкага манастыра і 550-годдзя Жыровіцкай Іконы Божай маці.

У даведнік увойдуць больш за 200 артыкулаў пра Жыровіцкі манастыр. Усе артыкулы будуць надрукаваны ў алфавітным парадку. Над імі працуюць спецыялісты Беларускай праваслаўнай царквы, выкладчыкі і даследчыкі з Менскіх духоўных акадэміі і семінарыі, а таксама даследчыкі, якія займаюцца беларускай канфесійнай гісторыяй.

Выхад кнігі запланаваны да 18 траўня, калі ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна пачнуцца юбілейныя ўрачыстасці.

Беларускае Радыё Рацыя