Рыхтуецца кніга пра Бельскі Вялікі Сойм
Выданне пра падзеі з 1564 года ў Бельску на Падляшшы з’явіцца ў снежні бягучага года. Пра тое, што знойдзем у кнізе, расказаў Беларускаму Радыё Рацыя суаўтар Дарафей Фіёнік з Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах:
– Бельск паказаны з першай паловы 16 стагоддзя да Вялікага Сойма: пастановы Бельскага Сойма, яго постаці – тыя асобы, якія падпісаліся пад Бельскім прывілеем. Сам Бельскі прывілей будзе надрукаваны ў арыгінале і перакладзе. Яшчэ далучым другі Статут ВКЛ, які быў рэдагаваны на Бельскім Сойме.
Другі аўтар публікацыі – прафесар Генадзь Семяньчук з Гародні. Кніга, прысвечаная Бельскаму Вялікаму Сойму, будзе другой з серыі “Гісторыя і культура падляшскіх беларусаў”.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
