Рыцары паспрабуюць узяць штурмам крэпасць Гальшанскага замка



Рыцары паспрабуюць узяць штурмам крэпасць Гальшанскага замка на фестывалі 20 траўня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Ашмянскім райвыканкаме. Восьмы фестываль сярэднявечнай культуры „Гальшанскі замак – 2017” пачнецца гукамі званоў у цэнтры Гальшан, дзе каля помніка князёўне Соф’і Гальшанскай пройдзе цырымонія з удзелам школы званароў Беларусі.

Затым тэатралізаванае шэсце адправіцца па аграгарадку да руін замка Сапегаў. Ля сярэднявечных сцен гасцей фестывалю а 13-й гадзіне чакаюць тэатралізаваныя паказы, рыцарскія баі, коннае шоў „Крылатыя Ваяры Вялікага княства Літоўскага”, старадаўняя музыка і танцы, майстар-класы па народных рамёствах, кавальскай справе, фехтаванні.

У начной праграме ўпершыню можна будзе ўбачыць тэатралізаваны штурм крэпасці і феерверк. Побач будзе разбіты рыцарскі лагер і мястэчка майстроў, гульнявая, дзіцячая і кулінарная пляцоўкі. На працягу дня арганізатары фестывалю прапануюць гасцям зрабіць экскурсіі па аграгарадку Гальшаны, наведаць музей Гальшанскай сярэдняй школы і ўнікальны музей Дугі Струве ў Гальшанскай бібліятэцы.

Сярод удзельнікаў фэсту гэтага года – вулічны тэатра „Вір”, танцавальны калектыў Soleil, вядомыя гурты сярэднявечнай беларускай музыкі „Восьмы дзень”, Hardwood і Cad Goddeu, а так жа даўні партнёр фэсту гурт „Стары Ольса”.

Рыцарскі лагер у гэтым годзе арганізаваны народным клубам славянскіх адзінаборстваў „Арыдан” (Гародня), менскім стралковым клубам „Bow’s Club” і коннаспартыўным клубам „Залатая шпора” (Менская вобласць) Фестываль „Гальшанскі замак” у гэтым годзе прысвечаны юбілейнай для мястэчка гістарычнай падзеі – 595-годдзю ўступлення ў шлюб князёўны Соф’і Гальшанскай і караля Польшчы Ягайлы. Менавіта гэта гістарычная падзея паклала пачатак слаўнай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.

Фота БелТА