С.Чыгрын: “Не будзе культуры – не будзе нацыі. Я гэта адчуваю”
Людзей не цікавіць культура, калі трэба вырашаць надзённыя эканамічныя праблемы. Тым не менш, заўважае слонімскі журналіст і літаратар Сяргей Чыгрын, аптымізм у гэтым пытанні застаецца: усё больш маладых людзей цягнецца да беларускасці.
РР: Апошнім часам у многіх кутках Беларусі, і ў Менску, і ў абласных цэнтрах, і ў рэгіёнах, набылі папулярнасць курсы беларускай мовы. Увогуле назіраецца павышэнне цікавасці, асабліва сярод моладзі, да культуры, да мовы, і вышымайкі папулярныя, і вышыванкі і гэтык далей. Ці ў Слоніме заўважныя таксама нейкія падобныя працэсы?
– У Слоніме такіх вялікіх працэсаў не заўважана. Але што цікава, я літаральна вось на працягу тыдня, калі пад’язджаю да нашых супермаркетаў слонімскіх, так заўважаю маладых мамаў і татаў у вышыванках. Аўтамабілі і з менскімі, і з гарадзенскімі нумарамі. Гэта па-першае. Па-другое, у нас у Слоніме ёсць беларускамоўныя класы ў параўнані з іншымі рэгіёнамі. Там займаюцца першыя, другія і трэція класы па 25-30 чалавек. І па-трэцяе, у нас многія мерапрыемствы ў школах, асабліва на базах музеяў, раённага краязнаўчага, школьных, напрыклад ў 4-ай школе, праходзяць на беларускай мове. Амаль усе мерапрыемствы. Па-чацьвёртае, трэба не забываць, што ў нас ёсць Слонімскі драматычны тэатр, рэпертуар якога прыкладна 70 на 30 працэнтаў: 30 працэнтаў расейскамоўнага рэпертуара, а 70 – беларускамоўнага. Што ж тычыцца курсаў беларускай мовы, на жаль, да нас яны яшчэ не дайшлі. Пра гэта мы размаўляем, і я спадзяюся, што яны адбудуцца і ў Слоніме, думаю, мы такія курсы арганізуем.
РР: Як візуальна выглядае Слонім, наколькі ён візуальна беларускі?
– Візуальна ён выглядае так, як і падчас Савецкага Саюза. У мінулым годзе ўстанавілі знак беларускамоўны Герб горада. Ёсць шыльды, ёсць помнічкі, не помнікі нават. А так, можна сказаць наадварот, чым у тэатры: 30 працэнтаў знешняга афармлення на беларускай мове горада, крамаў, кантораў, астатняе ўсё, на вялікі жаль, па-расейску.
РР: Падчас нашых з вамі ранейшых размоваў, вы казалі пра тое, што варта называць вуліцы ў Слоніме імёнамі вядомых ураджэнцаў гэтай зямлі. Вы якраз даследуеце лёсы выбітных землякоў. Ці ў гэтым напрамку назіраюцца нейкія зрухі?
– У нас у бліжэйшы час плануецца адкрыццё 5-6 новых вуліц. І праз інтэрнэт, праз мясцовую прэсу, праходзяць абмеркаванні наконт таго, якія б вы хацелі назвы вуліц. Нават былі прапановы, каб назваць 70 год перамогі, у той час як у нас вуліца Перамогі ёсць. Але што цікава, маладыя слонімцы прапануюць назвы вуліц у гонар сваіх землякоў, называюць і пісьменнікаў, і навукоўцаў, і педагогаў, і спартоўцаў і гэтык далей. Хаця ёсць такія прапановы, яшчэ можна сказаць савецкія, напрыклад, вуліца Бэзавая. Ну навошта нам тая вуліца Бэзавая, ці там Ягадная, калі мы можам назваць яе ў гонар знакамітага земляка? Усе прапановы райвыканкам мае, але пакуль яшчэ афіцыйнага зацвярджэння назваў новых вуліц не было. Пачакаем, паглядзім, як яны прыслухаюцца да слонімцаў.
РР: Такое пашыранае меркаванне, што ў час, калі людзі занятыя сваімі надзённымі эканамічнымі праблемамі, то ім не да культуры. Вось наколькі вы падзяляеце такое меркаванне?
– Разумееце што, калі не будзе культуры (будзем шырока так казаць), то не будзе нацыі. Я гэта адчуваю. Я вось калі слухаю часам, пра што моладзь размаўляе, і нават сталыя людзі, то проста становіцца страшна. Людзі пісаць не ўмеюць правільна ні па-беларуску, ні па-расейску. Людзі многія вельмі дрэнна размаўляюць, абмежаванасць вялікая слоў. Гэта неяк палохае. Тым не менш, сапраўды ў нас расце і беларускамоўная моладзь. Тое, што забараняецца, яно вельмі цікавіць маладое пакаленне. Калі нам забараняюць і не дазваляюць размаўляць на беларускай мове, то менавіта да гэтага тады маладыя людзі і імкнуцца. Яны задаюцца пытаннем, а чаму забараняецца, і гэта ў прынцыпе радуе. Вельмі шмат мне тэлефануюць школьнікі, настаўнікі, проста людзі, ці ёсць у мяне такая кніга, ці ведаю я тое і сёе. І я ім адказваю. Або дасылаюць фотаздымак з пытаннем, ці можа я ведаю, што гэта такое і гэтык далей.
Як дадае слонімскі журналіст і літаратар Сяргей Чыгрын, ён застаецца аптымістам і верыць у тое, што пры спрыяльнай сітуацыі людзі вельмі хутка вярнуцца да сваіх нацыянальных беларускіх каранёў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара і slonimblog.net