Сайт і сацсеткі Беларускай рады культуры прызнаныя “экстрэмісцкімі”
Сайт і сацыяльныя сеткі Беларускай рады культуры прызнаныя „экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Раней яе прызналі „экстрэмісцкім фармаваннем”. Рашэнне ўключыць сайт і сацсеткі рады ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў прыняў 31 жніўня суд Партызанскага раёна Менска.
Гэтае рашэнне ў нашым эфіры пракаментаваў кіраўнік Беларускай рады культуры – Сяргей Будкін:
-Прызнанне нашых заслугаў у такім вобразе “экстрэмістаў” нас, напэўна, суцешыць. Можна паціснуць плячыма, можна абразіцца, а можна проста ўсміхнуцца і ісці далей. Прынамсі, пасля гэтай навіны мы абралі такую стратэгію.
Што ёсць паняцце „экстрэмісцкае” для сілавых структур, суда і ідэолагаў? Наогул размылася паняцце. І ўсё ідзе да таго, і я пра гэта неаднойчы казаў на падставе падзей, якія адбываюцца ў культурным асяроддзі Беларусі, што і беларуская мова можа па гэтай логіцы быць прызнаная экстрэмісцкай. А яе носьбіты – чальцамі экстрэмісцкага фармавання. То бок, усе беларусы па гэтай логіцы падпадаюць пад гэтае паняцце. Калі сур’ёзна, то, канешне, гэта сумна, гэта недальнабачна і гэта ідзе не ў тым кірунку.
Ініцыятыва „Беларуская рада культуры” створана ў кастрычніку 2020 года (да пачатку 2021 года — Беларускі фонд культурнай салідарнасці). Займаецца пытаннямі захавання айчыннай культуры, падтрымкай артыстаў, выканаўцаў, мастакоў і арт-менеджараў, развіццём крэатыўных праектаў, аб’яднаннем культурнай супольнасці і прасоўваннем айчыннай культуры ў свеце.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя