“Сакавіны-2019” адбыліся ў Зэльве



У Зэльве адбылося традыцыйнае штогадовае свята паэзіі і музыкі зэльвенскія “Сакавіны”. Упершыню свята з’явілася ў гэтым райцэнтры ў 1997 годзе. Арганізатарам яго быў і застаецца беларускі паэт Уладзімір Мазго, які жыве ў Менску, але родам з Зэльвеншчыны. Дзякуючы свайму земляку на працягу 22 гадоў штогод вясной прыгожае свята радуе і цешыць жыхароў Зэльвы.

Сёлета ў Зэльву завіталі паэт Уладзімір Мазго, галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Аляксей Чарота і кампазітар Алег Елісеенкаў.

Госці распавядалі зэльвенцам пра сваю творчасць, дзяліліся ўспамінамі пра маленства, адказвалі на пытанні. Падчас зэльвенскіх “Сакавінаў” кампазітар Алег Елісеенкаў спяваў песні на словы Уладзіміра Мазго, Аляксей Чарота распавядаў пра беларускія літаратурныя выданні, а Уладзімір Мазго чытаў новыя творы. У сваю чаргу зэльвенскія самадзейныя артысты гасцям і ўсім прысутным паказалі сваё сцэнічнае майстэрства, якое ўсе прысутныя на свяце шчыра віталі.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота Zelwa.by