Сакрату Яновічу споўнілася б 80 гадоў…
Незаўважна мінула дата, калі Сакрату Яновічу споўнілася б 80 гадоў. Ні прыгадалі пра гэта ні польскія, у тым ліку падляшскія, ні беларускія медыя.
Сакрат Яновіч нарадзіўся ў Крынках 4 верасня 1936 году, на мясцовых могілках і пахаваны. Не стала выбітнага пісьменніка і публіцыста больш за тры гады таму (17 лютага 2013 года), але надалей у яго родных Крынках дзейнічае Фонд Villa Sokrates, размешчаны ў роднай сакратавай хаце.
Яшчэ пры жыцці творца пакінуў свой дом у спадчыну для Фонду, сябры якога працягваюць адну са справаў жыцця Яновіча – арганізуюць штогадовыя сустрэчы інтэлектуалаў – Беларускі Трыялог. У хаце захаваны пакой-кабінет, у якім Сакрат працаваў, стаіць і друкарка, якой ён карыстаўся да канца жыцця.
Дарэчы, ахоўваюць дом два сабакі, адзін з якіх таксама носіць “інтэлектуальную” мянушку – Платон, што і пазначана на шыльдачцы над сабакавай домам-будкай.
Дом Сакрата Яновіча ў Крынках – цяпер Villa Sokrates
Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў узгадвае сваё знаёмства з Сакратам Яновічам:
– Безумоўна, мы былі знаёмыя завочна, а потым і вочна. Я некалькі разоў пісаў па замове Сакрата Яновіча ў “Часопіс”. Ён у “Часопісе” друкаваў і мае тэксты з “Нашай Нівы”, якія яму падабаліся. “Нумар з відам на Градчаны”, мае праскія зацемкі ён надрукаваў, сказаў пра іх шмат цёплых словаў. Я быў на 60-годдзі Сакрата, і тады ўпершыню трапіў у Крынкі. Мне ён запомніўся як чалавек вельмі светлы, перакананы, адукаваны. І як чалавек, які, у прынцыпе, кожны дзень здзяйсняў маленькі подзвіг, баронячы сваю беларускасць, баронячы беларускую прысутнасць паўнавартасную ў Польшчы.
Бібліст, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма Ірына Дубянецкая:
– Трошачкі была знаёмая з Сакратам Яновічам, бо ён супрацоўнічаў з маім бацькам і бываў у нашай хаце, калі прыязджаў у Беларусь. Для нас тады ў савецкай Беларусі тая з’ява, што вось ёсць у Польшчы беларусы, якія пішуць па-беларуску, гавораць па-беларуску, трымаюць гэтую беларускасць па-за Беларуссю – была рэдкай, дзіўнай, важнай. У закрытай сістэме, у якой мы знаходзілася, інфармацыі да нас даходзіла вельмі мала, і таму Сакрат Яновіч быў тады нейкім такім промнем святла беларускасці.
Уладзімір Арлоў быў удзельнікам сёлетняга Трыялогу ў Крынках (26-27 жніўня):
– Мы з Барысам Пятровічам наведалі магілу Сакрата Яновіча, безумоўна, мы наведалі яго дом. Я нават прысеў каля яго друкавальнай машынкі, паклаў пальцы на клавіатуру. Сакрат Яновіч, безумоўна, застанецца ў беларускай літаратуры. Я мог бы пералічваць яго кніжкі, мне вельмі яго “Сярэбраны яздок” у свой час спадабалася аповесць, прысвечаная паўстанню 1863 года. Ён, безумоўна, застанецца і ў беларускай гісторыі.
Старшыня Саюза Беларускіх Пісьменнікаў Барыс Пятровіч кажа, што шкадуе, што пры жыцці Сакрата так з ім і не пазнаёміўся:
– Маё знаёмства з Сакратам Яновічам пачалося з яго кнігі па-польску “Białoruś, Białoruś ”. Кніга трапіла да мяне ў Гомель і я даведаўся, што ёсць на беластоцкай зямлі такі пісьменнік як Сакрат Яновіч, які аберагае тут Беларусь, аберагае тут беларушчыну, шмат робіць дзеля Беларусі не толькі сярод сваіх землякоў, але і на ўсю Польшчу. На ўсю Польшчу яго імя было вядомае, на ўсю Польшчу ён быў вядомы як цудоўны пісьменнік, якога шмат перакладалі. Ён рана стаў сябрам Саюза Беларускіх Пісьменнікаў. Важна тое, што ён рабіў, і што знайшліся паслядоўнікі, якія працягваюць ягоную справу.
Паэт Уладзімір Някляеў знаёмы з Сакратам Яновічам быў доўгі час. Узгадвае, што ў свой час Сакрат прапанаваў яму застацца жыць у Польшчы, прапанаваў жыць у яго ў Крынках, маўляў разам “будзем выдаваць кніжкі, часопісы”.
У 2013 годзе Уладзімір Някляеў прымаў удзел у Беларускім Трыялогу, першым пасля смерці Сакрата. Тады і падзяліўся сваімі ўспамінамі і зачытаў некалькі радкоў, як сказаў, “ідэі для верша”:
– Я вось зараз схадзіў на Крынку, на рэчку, на якую мы з ім хадзілі 14 гадоў таму і пілі ваду. І тады там і беражок быў, і рэчка была рэчкай. Ну, ні Віслай і ні Дунаем, але вадой з берагамі. А зараз яна без берагоў, так зараслася зверху, што ўжо вады і не відаць. Тое самае адбываецца і з маёй рэчкай Крыўлянкай у Крэве. Зусім такая самая стала за гэтыя часы. Але як бы і што не зарастала травой, калі ёсць чалавечая памяць, то і трава, і пясок, і ветры бяссільныя справіцца з жыццём, нават такім нядоўгім, як жыццё чалавечае.
Цёплы верасень, ціхія Крынкі. Я прыехаў сюды на памінкі. Жартаўліва Сакратава хата называецца Віллай Сакрата. Ён жыў на зямлі жартаўліва, а па-праўдзе памёр, і праўдзіва. Над Сакратам стаялі і плакалі Беларусы, што сталі палякамі…
„Скажу, што гэта не верш, гэта толькі ідэя верша, але па адчуванні – менавіта тое”, – дадаў Уладзімір Някляеў.
[iframe id=”https://www.youtube.com/embed/QduVYp2hvJc”]
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.
Фота Хрыстафор Ангельчык
Відэа Улад Грынеўскі