Саліст Depeche Mode выпісаны з менскай бальніцы



Медыцынскую дапамогу салісту Depeche Mode Дэйву Гаану аказалі ў аддзяленні трансплантацыі 9-й гарадской клінічнай бальніцы Менска.

Дэйв Гаан – у цэнтры. 

Як паведаміў БелаПАН галоўны ўрач клінікі Валерый Кушнірэнка, раніцай 18 ліпеня ён быў выпісаны з гэтага аддзялення ў здавальняючым стане. Паведаміць пра дыягназ спевака галоўны ўрач адмовіўся, спаслаўшыся на забарону ў заканадаўстве.

Вядома, што ў аддзяленні трансплантацыі лечаць некаторыя захворванні страўнікава-кішачнага тракта — напрыклад, здымаюць вострыя прыступы панкрэатыту.

Валерый Кушнірэнка таксама паведаміў, што лячэнне спевака аплаціць страхавая кампанія. „У яго, як у любога чалавека, які прыязджае ў Беларусь, ёсць страхоўка. Страхавая кампанія аплаціць лячэнне”, — сказаў галоўны ўрач. Пры гэтым ён адмовіўся казаць пра суму, якую выставіла бальніца.

У Дэйва Гаана былі сур’ёзныя праблемы са здароўем — у 2009 годзе ён перанёс рак мачавога пузыра.

Канцэрт гурту Depeche Mode павінен быў адбыцца на „Мінск-Арэне” 17 ліпеня, аднак прыкладна за дзве гадзіны да шоу выступ прыйшлося адмяніць з-за рэзкага пагаршэння самаадчування Гаана, якога шпіталізавалі ў 9-ю бальніцу з папярэднім дыягназам „харчовае атручэнне”.

На сваёй старонцы ў Facebook група прынесла прабачэнні сваім прыхільнікам у Менску. Тых, хто купіў квіткі на канцэрт, просяць сачыць за інфармацыяй аб пераносе шоу і (або) кампенсацыі кошту квіткоў.

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY