«Салярыс. Данатас Баніёніс»: выстава ў рамках «Лістапада»
31 кастрычніка 2019 г. а 18-й гадзіне ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – адкрыецца выстава «Салярыс. Данатас Баніёніс», падрыхтаваная сумесна з супрацоўнікамі Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва. Яна стане часткай культурнай праграмы XXVI Менскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».
Рэжысёр Андрэй Таркоўскі яшчэ ў 1968 годзе задумаў экранізаваць навукова-фантастычны роман “Салярыс”, які польскі пісьменнік Станіслаў Лем напісаў у 1961 годзе. Аднак пасля пастаноўкі кінафільма “Андрэй Рублёў” (1966), які не адпавядаў тагачаснай ідэалогіі, а таксама з іншых прычын Таркоўскі доўгі час не меў дазволу здымаць фільмы. І тое, што перакладзены ў 1961 годзе на рускую мову “Салярыс” пераадолеў усе цэнзурныя перашкоды і атрымаў дазвол на экранізацыю, было нечаканасцю і для самога Таркоўскага.
Чаму так здарылася? Таму што фільм планаваўся як адказ савецкай кінаіндустрыі на навукова-фантастычны фільм Стэнлі Кубрыка “2001 год: Касмічная адысея” (1968). Розніца ідэй абодвух фільмаў забяспечвала канкурэнцыю прынамсі ў галіне тэхнічнай рэалізацыі стужкі, на якую былі выдаткаваныя вельмі значныя на той час сродкі – мільён рублёў. Для Таркоўскага гэта быў і фінансавы паратунак, і магчымасць стварыць адзін з найвялікшых кінафільмаў.
Першы сцэнар, напісаны Таркоўскім сумесна з Фрыдрыхам Гарэнштэйнам, не задаволіў ні Камітэт па кінематаграфіі СССР, ні Станіслава Лема. Пасля рознага кшталту змяненняў і правак сцэнар зацвердзілі, хоць Лем застаўся незадаволены канчатковым варыянтам.
Галоўную ролю астранаўта Крыса Кельвіна выканаў літоўскі акцёр Данатас Баніёніс, хаця з-за выразнага акцэнту яго агучыў іншы акцёр. Роля жонкі Кельвіна была даручана 18-гадовай атрысе Наталлі Бандарчук, якая ў свой час і дала Таркоўскаму пачытаць раман Станіслава Лема “Салярыс”.
Здымкі фільма вяліся з невялікімі перапынкамі з сакавіка па снежань 1971 года. У 1972 годзе фільм “Салярыс” узнагароджаны Гран-пры Канскага кінафестывалю.
Творчая спадчына Данатаса Баніёніса захоўваецца ў Літоўскім архіве літаратуры і мастацтва. На выставе супрацоўнікі архіва прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, якія раней нідзе не дэманстраваліся: два варыянты сцэнара, працоўны дагавор, лісты і тэлеграмы, перапіску Баніёніса з Таркоўскім, першыя паведамленні ў друку пра пачатак працы над фільмам, фатаграфіі са здымачнай пляцоўкі, кадры з фільма, інфармацыйныя матэрыялы Канскага кінафестывалю 1972 года, успаміны і іншыя сведчанні таго, як акцёр Данатас Баніёніс бачыў, адчуваў, разумеў фільм “Салярыс”.
Куратор выставы – дырэктар Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва, дацэнт, доктар Юозапас Блажюнас / Juozapas Blažiūnas.
Месца правядзення: выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно (г. Менск, вул. Свярдлова, 4; тэл. 327-10-75; +37529 627-10-75).
Час працы: штодня з 11.00 да 19.00 (каса: 11:00 – 18:30).
Кошт квіткоў: школьнікі – 2 руб., студэнты – 2,5 руб., дарослыя – 3,5 руб.
Паводле прэс-рэлізу