Самым крэатыўным праектам 2019 года стаў ReBrest



Самым крэатыўным праектам 2019 года стаў ReBrest. Адмысловую прэмію прысудзілі прадстаўнікі Асамблеі НДА сябрам краўдфанд-кафэ „Грунтоўня”.

Актывісты сталі “чэмпіёнамі грамадзянскай супольнасці”, — распавёў адзін з заснавальнікаў берасцейскай ініцыятывы Віктар Клімус:

– На прэмію у чэмпіёны грамадзянскай супольнасці вылучаюць як сама Асамблея НДА, так і прадстаўнікі грамадскай супольнасці, эксперты. А затым ужо журы са 150 чалавек адбірае найлепшыя праекты ў розных катэгорыях па іхняму меркаванню. Таму мы туды былі наіменаваныя ў катэгорыю «Крэатыў году» і адпаведна ўзялі гэтую намінацыю.

Паводле Віктара Клімуса, прэмія была атрымана дзякуючы як крэатыву берасцейсцаў, так і іх фінансавай падтрымцы для рэалізацыі на практыцы такога праекта.

Cтрачаныя архітэктурныя помнікі ажываюць з дапамогай тэхналогіі даданай рэчаіснасці.  Маштабныя 3D мадэлі будынкаў старога Берасця можна разглядаць у любым зручным месцы, а пры жаданні прыкладанне дапаможа знайсці і пабачыць аб’ект у поўную велічыню, дакладна там дзе ён некалі месціўся. 

Прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” была заснаваная Асамблеяй НДА ў 2009 годзе, каб адзначаць найбольш паспяховыя і крэатыўныя ідэі ў грамадскім сектары, а таксама лідараў і лідарак, актывістаў і актывістак, прыцягваць да іх увагу.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота binkl.by