Саюз беларускіх пісьменнікаў абвясціў літаратурны конкурс да 100-годдзя БНР



ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» абвяшчае пра пачатак прыёму прац на конкурс «Экслібрыс», які сёлета прысвечаны 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.

Да ўдзелу запрашаюцца аўтары і аўтаркі ва ўзросце да 35 гадоў, якія пішуць творы на гістарычную тэматыку ў паэзіі, прозе, эсэістыцы, драматургіі. Да разгляду прымаюцца толькі тэксты, не апублікаваныя ў друку.

Абмежаванні па аб’ёме: на разгляд прымаюцца творы аб’ёмам да 1 аўтарскага аркуша (40 тыс. знакаў з прабеламі – для прозы і эсэістыкі; 700 радкоў для паэзіі).

У журы штогадовага літаратурнага конкурсу “Экслібрыс” сёлета ўвайшлі Уладзімір Арлоў, Ірына Багдановіч, Валерый Герасімаў, Вольга Іпатава і Анатоль Сідарэвіч.

Тэксты на конкурс можна дасылаць файламі ў фармаце .doc да 1 жніўня 2018 года на адрас [email protected], пазначыўшы тэмай ліста “Экслібрыс”.

У лісце мусіць быць наступная інфармацыя: імя, прозвішча, дата нараджэння ўдзельніка (удзельніцы), кантактны нумар тэлефона і e-mail.

Па выніках конкурсу мяркуюцца публікацыі ў часопісе “Дзеяслоў”, дадатку “Літаратурная Беларусь” пры газеце “Новы Час”, а таксама выданне кнігі з творамі пераможцаў.

За ходам конкурсу сачыце на сайце lit-bel.org.

Прэс-служба ГА „Саюз беларускіх пісьменнікаў”