Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр выказалі пратэст
Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр 22 кастрычніка выступілі з заявай, у якой асуджаюць „рэпрэсіі супраць свабоды думкі і творчасці”.
„У Беларусі ў поствыбарчы перыяд адбываецца мэтанакіраваны ціск на свабоду выказвання, думкі і творчасці. Мы звяртаем увагу на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць творцаў, сябраў беларускіх творчых арганізацый”, — зазначаецца ў заяве.
Яе аўтары нагадваюць, што 4 кастрычніка падчас маршу пратэсту была затрыманая філосаф, сябра ПЭН-цэнтра Вольга Шпарага. Яе адпусцілі з ізалятара на наступны дзень, аднак 9 кастрычніка зноў затрымалі, а 12 кастрычніка суд вынес рашэнне пра 15-сутачны арышт. Цяпер Шпарага знаходзіцца ў ІЧУ ў Жодзіне.
21 кастрычніка затрыманы паэт, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтра Дзмітрый Строцаў. 22 кастрычніка вынесенае судовае рашэнне пра яго арышт на 13 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП).
„Мы выказваем рашучы пратэст у сувязі з рэпрэсіямі супраць інтэлектуальнай і творчай эліты. Заклікаем спыніць пераслед у дачыненні да творцаў і ў адносінах да ўсіх грамадзянаў краіны, зняволеных па палітычных прычынах у перадвыбарчы і поствыбарчы перыяд”, — сказана ў заяве.
Арышт Строцава асудзіў і Санкт-Пецярбургскі ПЭН-клуб. „Ведаючы „палітычныя рэаліі” сённяшняй Беларусі, мы, члены Санкт-Пецярбургскага ПЭНа — пісьменнікі, паэты, выдаўцы, перакладчыкі, звяртаемся да беларускіх уладаў з патрабаваннем неадкладнага і безумоўнага вызвалення Дзмітрыя Строцава. А таксама ўсіх палітычных зняволеных, хто беззаконна ўтрымліваецца”, — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Паводле даных праваабарончага цэнтра „Вясна”, у Менску і іншых гарадах 22 кастрычніка прайшлі судовыя пасяджэнні па адміністрацыйных справах, звязаных з акцыямі пратэсту, у дачыненні не менш як 31 чалавека. Суды выносілі рашэнні пра штрафы і адміністрацыйныя арышты.