Саюз беларускіх пісьменнікаў віншуе ўсіх з Днём Волі



Чарговае пасяджэнне Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў адбылося напярэдадні 103-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР.

Кажа старшыня творчай арганізацыі Барыс Пятровіч:

– Мы прынялі віншаванне да чарговых 103-х угодкаў стварэння БНР – павіншавалі нашых сяброў і ўсіх беларусаў з Днём Волі. Галоўная праблема – гэта, канешне, сітуацыя ў краіне. Яна не магла не зачапіць нашых сяброў. Многія пацярпелі, ёсць тыя, хто быў арыштаваны, ёсць тыя, хто быў аштрафаваны за сваю пазіцыю, за свой удзел у некаторых мерапрыемствах. Мы, канешне, з імі разам. Мы стараліся ўсяляк іх падтрымліваць. 

Таксама на пасяджэнні рады была агучаная справаздача сакратарыята, абмеркаваныя бягучыя праблемы.

У сябры творчай арганізацыі прынялі перакладчыцу Надзею Рындзевіч. 

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * * 

Саюз беларускіх пісьменнікаў павіншаваў творчых людзей Беларусі, а таксама ўсіх беларусаў з Днём Волі.

Тэкст віншавання гучыць так:

Рада і Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” сардэчна віншуюць суайчыннікаў з 103-мі ўгодкамі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі!

Незалежнасць Беларусі, канчаткова абвешчаная 25 сакавіка 1918 года Трэцяй Устаўной граматай БНР, засведчыла памкненне беларусаў да самастойнасці і суверэнітэту, стала неаспрэчным сведчаннем фармавання беларусаў як нацыі. Гэтая падзея несумненна ёсць найважнейшай датай у гісторыі беларускага дзяржавабудаўніцтва, квінтэсэнцыяй імкнення нашага народа да ўладкавання дзяржаўнасці на дэмакратычных прынцыпах свабоды і роўнасці.

На жаль, сёння, як і сто гадоў таму, мы вымушаныя адказваць на тыя ж выклікі, што былі актуальнымі для краіны на пачатку мінулага стагоддзя: татальная русіфікацыя, ігнараванне базавых правоў грамадзянаў, размыванне і падмена нацыянальнай ідэнтычнасці, уціск культуры тытульнай нацыі. Менавіта супраць гэтых ганебных з’яў змагаліся беларусы і тады, і цяпер.

У гэтыя святочныя дні мы з вялікай надзеяй глядзім на сённяшняе абуджэнне беларускага грамадства і вітаем зварот да сапраўдных каштоўнасцяў – спрадвечных нацыянальных сімвалаў і фундаментальных складнікаў нашай культуры: беларускай мовы і літаратуры. Без іх немагчымыя тыя якасныя змены, за якія змагаецца большаць грамадзянаў і якія так патрэбныя нашай Айчыне сёння. Шчыра спадзяемся, што ў гэты няпросты час менавіта яны будуць тым надзейным падмуркам, на якім паўстане новая дэмакратычная Беларусь. 

Са святам! Жыве Беларусь! 24 сакавіка 2021 г., Менск

Беларускае Радыё Рацыя