Саюз пісьменнікаў Украіны спыніў супрацу з праўладнымі беларускімі калегамі
Саюз пісьменнікаў Украіны спыніў супрацоўніцтва з калегамі з Беларусі, але толькі з праўладнымі. Сакратарыят Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны прыняў рашэнне спыніць публікаваць у выданнях саюза творы аўтараў з краін, якія „галасаваннем у ААН і іншых міжнародных арганізацыях выступаюць супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны”, паведамляе „Украінская літаратурная газета”. Рашэнне тычыцца аўтараў з Арменіі, Беларусі, Венесуэлы, Зімбабвэ, Ірана, Камбоджы, Кітая, Кубы, Кыргызстана, Лаоса, М’янмы, Нікарагуа, Расеі, Паўночнай Карэі, Сербіі, Сірыі і Судана. „Выключэнне могуць складаць публікацыі твораў памерлых класікаў, а таксама тых сучасных пісьменнікаў гэтых краін, якія публічна падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і асуджаюць агрэсію Расейскай Федэрацыі”, — адзначае выданне.
Акрамя таго, вырашана спыніць практыку правядзення сумесных мерапрыемстваў з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі гэтых краін, а таксама не дапускаць удзелу чальцоў саюза ў „мерапрыемствах, ініцыяваных прадстаўнікамі краін, якія падтрымліваюць расейскую агрэсію супраць Украіны”.
Фота: litgazeta.com.ua