СБП і Беларускі ПЭН-цэнтр запатрабавалі спыніць гвалт



Сакратарыят Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) і рада Беларускага ПЭН-цэнтра 26 кастрычніка выступілі з супольным зваротам, у якім заклікалі спыніць гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў і правесці новыя выбары. Дакумент апублікаваны на сайце ПЭН-цэнтра.

„Кожны тыдзень да нас прыходзяць трывожныя звесткі пра затрыманні і арышты нашых сяброў-літаратараў, журналістаў і дзеячаў культуры, — адзначаецца ў заяве. — За кратамі застаюцца Павел Севярынец і Дзмітры Строцаў. Вольга Шпарага, якая 24 кастрычніка выйшла на волю пасля 15-суткавага арышту, была вымушаная выехаць за мяжу, калі атрымала паведамленне аб прысудзе да чарговага тэрміну адміністратыўнага арышту”.

Аўтары дакумента нагадалі, што напярэдадні ў Менску быў затрыманы літаратар, былы палітвязень, адзін з арганізатараў „Ночы расстраляных паэтаў”, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча Зміцер Дашкевіч. Таксама ў сталіцы затрымалі „дзеячаў культуры, якія актыўна супрацоўнічаюць з Беларускім ПЭН-цэнтрам”, у прыватнасці музыканта гурту Luty Sakavik і аркестра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Эрыка Арлова-Шымкуса, аператара і рэжысёра Аляксандру Бабкову і яе маці былога рэжысёра тэлебачання Наталлю Бібікаву. У той жа дзень у Гродне затрымалі даследчыка гісторыі ВКЛ, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча, доктара гістарычных навук Аляксандра Краўцэвіча.

„Падобныя дзеянні ўладных сілавых структураў маюць неабгрунтаваны рэпрэсіўны характар, накіраваны на задушэнне права грамадзянаў на свабоду выказванняў, свабоду слова, а таксама права на мірныя сходы і дэманстрацыі, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, — падкрэслена ў заяве. — Творчыя арганізацыі неаднаразова заклікалі спыніць гвалт, але рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры працягваюцца і ўзмацняюцца”.

У сувязі з гэтым СБП і ПЭН-цэнтр настойліва патрабуюць „спыніць гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў, неадкладна вызваліць усіх затрыманых падчас выбарчай і паслявыбарчай кампаніі 2020 года”. Апрача таго, яны патрабуюць „абраць новы склад Цэнтрвыбаркама з катэгарычным недаверам да цяперашняй ЦВК”, а таксама „правесці паўторныя празрыстыя дэмакратычныя выбары, забяспечыўшы фарміраванне выбарчых камісій з абавязковым удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных міжнародных і беларускіх назіральнікаў”.

belapan.by