СБП заклікаў суседнія краіны прымусіць улады Беларусі да дыялогу



Грамадскае аб’яднанне „Саюз беларускіх пісьменнікаў” (СБП) заклікае суседнія краіны прымусіць улады Беларусі да дыялогу з народам. Пра гэта гаворыцца ў прынятай 1 кастрычніка заяве рады аб’яднання, тэкст якой апублікаваны на сайце СБП.

„Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў пасля чарговых выбараў прэзідэнта адной з першых, ужо ранкам 10 жніўня, заявіла, што яна выступае за спыненне гвалту, вызваленне ўсіх палітзняволеных, адстаўку А.Лукашэнкі і правядзенне справядлівых і празрыстых выбараў прэзідэнта з новым складам Цэнтральнай выбарчай камісіі і ўдзелам міжнародных назіральнікаў, — адзначана ў дакуменце. — Падзеі, што адбыліся пасля, — масавыя мітынгі і дэманстрацыі пратэсту, якія праходзілі і праходзяць па ўсёй Беларусі вось ужо больш як 50 дзён і на якія толькі ў Мінску збіраецца ад 100 да 300 тысячаў жыхароў, а таксама жорсткія расправы ўладаў над дэманстрантамі, арышты і суды над імі, перакрыццё інтэрнэту ды інфармацыйных сайтаў, нематываваныя арышты больш за 15 тысячаў грамадзянаў Беларусі, толькі пацвердзілі справядлівасць гэтых патрабаванняў”.

Саюз выказаў сваю падтрымку Каардынацыйнай радзе (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, члену прэзідыума КР і нобелеўскаму лаўрэату па літаратуры Святлане Алексіевіч, а таксама прызнаў КР „паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа, які можа весці перамовы аб будучыні краіны”.

„Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў звяртаецца да кіраўнікоў дзяржаў — суседак Беларусі — Латвіі, Літвы, Польшчы, Расеі, Украіны — не быць староннімі назіральнікамі за тым, што адбываецца ў нашай краіне, а зрабіць захады дзеля прымусу беларускіх уладаў да дыялогу з беларускім народам і ягоным прадстаўніком — прэзідыумам Каардынацыйнай рады. Толькі дэмакратычная суверэнная Рэспубліка Беларусь можа быць паўнавартасным чальцом міжнароднай супольнасці”, — падкрэслена ў дакуменце.

Каардынацыйная рада была створаная з ініцыятывы экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, якая зараз знаходзіцца ў Літве. Першае пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці рады распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

Абвінавачанне ў межах гэтай крымінальнай справы выстаўленае членам прэзідыума КР Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку, а таксама аднаму з адвакатаў Калеснікавай Ілью Салею. Яны ўтрымліваюцца пад вартай.

З сямі членаў прэзідыума КР на сённяшні дзень на волі і не за мяжой застаецца толькі кіраўнік страйкавага камітэта Менскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі.

belapan.by