Сейбіт праўды і веры



У Маладэчанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася навукова-краязнаўчая канферэнцыя “Сейбіт праўды і веры”, прысвечаная памяці Аляксандра Уласава (1874-1941) – беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, выдаўца і публіцыста.

Да канферэнцыі маладэчанскія бібліятэкары падрыхтавалі і выдалі матэрыялы канферэнцыі асобнай кніжкай, запрашальны білет і праграму канферэнцыі, таму ўсе выступоўцы адразу атрымалі на памяць гэтыя цікавыя, як па зместу, так па-мастацкаму афармленні, выданні. Асабліва парупіўся даследчык беларускай літаратуры і мастацтва Міхась Казлоўскі з Маладэчна. Гэта, найперш, дзякуючы яму ўжо 14-ы раз адбываюцца падобныя канферэнцыі. Яны прысвячаліся Янку Купалу, Генадзю Каханоўскаму, Міколу Ермаловічу і іншым выбітным беларусам.

Удзельнікаў канферэнцыі “Сейбіт праўды і веры” шчыра віталі дырэктар бібліятэкі Марыя Стасяловіч і паэт Віктар Шніп сваёй баладай, прысвечанай Аляксандру Уласаву.

Пісьменнікі, навукоўцы і краязнаўцы Людміла Рублеўская, Андрэй Унучак, Сяргей Чыгрын, Міхась Казлоўскі, Яніна Грыневіч, Павел Каралёў цікава распавядалі пра постаць Аляксандра Уласава, пра яго, як чалавека-міфа беларускага адраджэння, пра Уласава і арганізацыйнае стаўленне “Нашай нівы” (1906-1914 гг), пра швецкага месіянера Джона Віта, якія быў знаёмы і сябраваў з Аляксандрам Уласавым, пра постаць Уласава ў рарытэтах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і пра іншыя тэмы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Аляксандра Уласава.

Унучатая пляменніца Аляксандра Уласава з Радашковіч Ірына Ніжанкоўская з захапленнем распавядала пра тое, што ёй некалі расказвалі маці і бабуля пра Аляксандра Уласава.

Сапраўды, Аляксандр Уласаў – асоба значная ў гісторыі Беларусі. Ён быў адным з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдактарам-выдаўцом газет “Наша доля” і “Наша ніва”, часопіса “Саха”, краязнаўчага часопіса”Лучынка”, адным з заснавальнікаў Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Маладэчна

Фота аўтара