Семінар, прысвечаны Тышкевічу і Стаброўскаму



У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбыўся навуковы семінар “Вытокі беларускай археалогіі. Паўночны Захад: ад палеаліту да Каложы”.

Семінар быў прымеркаваны да 205-годдзя з дня нараджэння Яўстаха Тышкевіча і 150-годдзя Язэпа Стаброўскага – двух выбітных асобаў у беларускай археалогіі.

Яўстах Тышкевіч (1814 – 1873) – беларускі археолаг, гісторык, этнограф, краязнавец і фалькларыст, заснавальнік Віленскага музею старажытнасцяў і Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў крывіцкія курганы, гарадзішчы і замчышчы ў Менску, Слуцку, Друцку, Заслаўі, Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры. Аўтар шматлікіх прац па археалогіі і краязнаўству.

Іосіф Стаброўскі (1869 – 1968) вывучаў старажытную гісторыю Слонімшчыны і суседніх раёнаў, даследаваў курганы ў басейне Нёмана. Вялікая калекцыя гісторыка-археалагічных матэрыялаў, сабраных Іосіфам Стаброўскім, стала асновай Слонімскага краязнаўчага музею, дзе ён быў дырэктарам і захавальнікам фондаў.

Удзельнікі семінара прынялі ўдзел у абмеркаванні пытанняў археалогіі Паўночнага Захаду Беларусі, дзе разгледзелі пытанні гісторыі археалагічнага вывучэння басейнаў рэк Нёман і Вілія, працы Я. Тышкевіча, І. Стаброўскага, В. Шукевіча, А. Цэгак-Галубовіч на гэтых тэрыторыях, падвялі вынікі апошніх археалагічных даследаванняў у Паўночна-Заходняй Беларусі.

Семінар паклаў пачатак тэматычным мерапрыемствам, прысвечаным выбітным постацям у археалогіі Беларусі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя