Сенсацыйная знаходка ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры



У Полацку пры археолага-рэстаўрацыйных работах на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра выяўлены фрагмент будаўнічага чарцяжа, як мяркуецца, мяжы XI-XII стагоддзяў. Такая інфармацыя размешчана на праваслаўным інфармацыйным партале „Собор.by”. Навукоўцы называюць знаходку сенсацыяй.

„Чарцяжоў XII стагоддзя ніколі яшчэ ніхто не бачыў, – сказаў старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага Эрмітажа Яўген Торшын. – Самыя раннія з вядомых на сёння сярэднявечных чарцяжоў адносяцца да канца XIII стагоддзя, нават візантыйскіх чарцяжоў не захавалася, ёсць толькі іх апісанні”.

Па словах вядучага навуковага супрацоўніка навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандра Салаўёва, лічылася, што гэтыя чарцяжы з’явіліся на тэрыторыі Беларусі толькі ў XVI стагоддзі, а знойдзены чарцёж абвяргае гэтую інфармацыю.

Знаходка выяўлена на месцы раскопак старажытнага храма-пахавальні. На плінфе канца XI – пачатку XII стагоддзя, якая была часткай старажытнай пабудовы, намаляваны фрагмент чарцяжа, як мяркуецца, самога храма-пахавальні. Малюнак мае правільныя прапорцыі памераў будынка, адлюстроўвае таўшчыню сцен і іншыя выразна прамаляваныя дэталі. План выкананы так, быццам гэта чарцёж сучаснага архітэктара. На думку навукоўцаў, малюнак зроблена высокакваліфікаваным майстрам, які, магчыма, і кіраваў будаўніцтвам храма-пахавальні. Мяркуюць, што плінфа з поўным малюнкам плана была ня менш за 30 см. Верагодна, чарцёж быў зроблены пісалам (тоненькай палачкай) на сырой гліне, пасля чаго яна была абпалена.

Дадзеная знаходка адкрывае зусім невядомы бок дзейнасці і творчасці будаўнікоў у канцы XI – пачатку XII стагоддзя, таму што да гэтага часу не захавалася ні аднаго чарцяжа XII стагоддзя. Археолагі сумняваліся, ці карысталіся наогул чарцяжамі будаўнікі. Раней знойдзеныя малюнкі мелі схематычны характар, як, напрыклад, пры археалагічных раскопках падмуркаў Дзясяціннай царквы.

Артэфакт выявіла студэнтка 3-га курса гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта падчас археалагічнай практыкі пад кіраўніцтвам магістра гістарычных навук, выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага універсітэта Аляксея Коца.

Участак манастыра, на якім выяўлены артэфакт, быў шматкроць дасьледаваны археалагічнымі экспедыцыямі ў 50-я – 60-я гады XX стагоддзя. Брыгады капалі на гэтым месцы, але выявілі чарцёж толькі цяпер.

Фота СОБОР.by