Серафім Жыровіцкі паўстане ў Жыровічах
Вось такі помнік Серафіму Жыровіцкаму (Раману Шахмуцю, 1901-1946) з’явіцца ў Жыровічах каля Успенскага сабора.
Яго закатавалі ў сталінскіх лагерах. А ў 1999 годзе Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы архімандрыт Серафім Жыровіцкі быў далучаны да ліку святых новапакутнікаў. А ў 2000 годзе на юбілейным Архіерыйскім Саборы РПЦ, які праходзіў у Маскве, Серафім, архімандрыт Жыровіцкі, быў кананізаваны.
Штогод 6 верасня ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры адбываецца святочнае ўшанаванне памяці прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага. У гэты дзень наладжваюцца Хрэсны ход і літургія. У гонар яго дзейнічае ў Слоніме і прыходскі храм. А хутка ў Жыровічах будзе пастаўлены і помнік. Аўтар помніка – менскі скульптар Дзмітрый Урублеўскі. Помнік плануецца выканаць з бронзы, пастамент будзе зроблены з граніту. Вышыня бронзавай фігуры складзе 2,9 м, вышыня пастаменту 1 м. Агульная вышыня помніка будзе 3,9 м.
Серафім Жыровіцкі ў бронзе хутка вернецца да сваіх праваслаўных вернікаў і застанецца ў Жыровічах назаўсёды.
Беларускае Радыё Рацыя