Сэрца Міхала Казіміра Агінскага знаходзілася ў Слоніме



Шмат гадоў служыў настаяцелям Слонімскага фарнага касцёла Святога Андрэя дэкан Вітольд Жальветра.

Дзякуючы яму ў 1990-х гадах помнік барока ўдалося выратаваць і аднавіць для вернікаў. Са слоў былога настаяцеля слонімскага касцёла Святога Андрэя, пачуў наступнае: “Хачу сказаць, што перад пачаткам рэстаўрацыі касцёла ў тыя 1990-я гады тры гадзіны сем самазвалаў вывозілі з касцёла смецце і соль. Але перш чым соль вывезлі, мужчыны тры месяцы яе адбівалі. Вось у гэтым хламе і знайшлі шэсць мемарыяльных шыльдаў, якія раней месціліся на сценах касцёла. Многія з іх былі паколаныя. Знайшлі мы там і шыльдачку, прысвечаную вялікаму каталіцкаму дзеячу Пятру Скаргу. Аднавілі і замацавалі яе на сцяне касцёла. А аднойчы прыходзіць у касцёл адзін чалавек і кажа, што ў нішах касцельнага скляпення пахавана сэрца Міхала Казіміра Агінскага. Гэтае сэрца знаходзілася ў срэбным куфэрку з надпісам “Сэрца Агінскага”. Калі разбураўся касцёл, куфэрак укралі і вывезлі на Усход”.

Сапраўды, перад смерцю гетман Міхал Казімір Агінскі сказаў, што “я належу вялікай Рэчы Паспалітай, але маё сэрца належыць Слоніму”. Просьба гетмана была выканана.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя