Сезон гістарычных рэканструкцый у Верхнім горадзе адкрыецца 18 траўня



Сезон гістарычных рэканструкцый у Верхнім горадзе адкрыецца 18 траўня: воінскія манеўры, знакавыя для беларускай гісторыі эпізоды, фотазоны і інтэрактыўныя пастаноўкі па суботах арганізуюць каля мінскай ратушы. Аб гэтым паведаміў рэжысёр праграм праекта „Музычна-турыстычны сезон у Верхнім горадзе” Ігар Усенка.

Асноўныя правілы паядынкаў XI-XVII стагоддзяў пакажуць сярэдневяковыя рэканструктары. Можна будзе ўбачыць асобныя элементы бітваў, якія адносяцца да напалеонаўскай эпохі, Першай і Другой сусветных войнаў.

„Адкрыем сезон з перыяду Полацкага княства, на мяжы якога ўзнікла Менскае княства. Пакажам некаторыя гістарычныя падзеі XII стагоддзя. Хацелася б выбудаваць далейшую праграму па гістарычнай храналогіі, але астатнія пастаноўкі будуць залежаць ад дзён культуры розных дзяржаў, якія намечаны ў Верхнім горадзе”, – расказаў Ігар Усенка.

Пакуль арганізатары фестывалю прадаўжаюць збіраць заяўкі ад патэнцыяльных удзельнікаў. Распрацоўкай праграмы зоймуцца ў ліпені, калі будзе сфарміраваны поўны спіс жадаючых далучыцца да падзеі клубаў і калектываў.

Паводле слоў Ігара Усенкі, увасабленне многіх гістарычных сцэн і баталій – працэс не толькі працаёмкі, але і затратны. Напрыклад, каб паставіць сватанне Ягайлы або Грунвальдскую бітву, арганізатары вымушаны кампанаваць воінаў з трох розных клубаў, бо амуніцыя і зброя павінны адпавядаць задуме і быць належнай якасці. У сярэднім цана адзення любой з эпох дасягае 5 тыс. еўра. Усё неабходнае для арганізацыі гістарычных рэканструкцый удзельнікі купляюць за ўласны кошт. Касцюмы, зброю, а таксама іншыя неабходныя аксесуары вырабляюцца па арыгінальных рысунках, гравюрах або макетах, якія захаваліся.

Некаторыя мерапрыемствы з удзелам аматараў гістарычнай рэканструкцыі лагічна ўпішуцца ў культурную праграму II Еўрапейскіх гульняў. Як расказаў дырэктар агенцтва падзейных праектаў „Альтэр Эга Груп” Аляксандр Рак, 22-23 чэрвеня будзе праведзены чэмпіянат па гістарычным фехтаванні федэрацыяй НЕМА. Каля 200 удзельнікаў з Беларусі, Расеі, Літвы, Кітая, Італіі, Украіны і іншых краін, згодна з правіламі і прыёмамі вядзення баёў XVI-XVII стагоддзяў, правядуць бітвы ў некалькіх намінацыях. Пры гэтым будуць задзейнічаны розныя тыпы зброі: федэршверт, рапіра, балонскі меч. Запланаваны паядынкі з выкарыстаннем парных відаў зброі – рапіры і кінжала. Асобным мерапрыемствам у праграме стануць паказальныя выступленні лепшых байцоў федэрацыі НЕМА ў цэнтры Менска каля ратушы або Палаца спорту, якія могуць прайсці 22 або 23 чэрвеня.

belta.by